AJ Produkter спансіраваў турнір 37 гадоў / Robin Nordlund
Шведская кампанія AJ Produkter, якая займаецца вытворчасцю мэблі і дызайнам інтэр'ераў працоўных прастораў, адмаўляецца ад спонсарства чэмпіянату свету па хакеі, калі на турнір прыедзе Расія. 30 кастрычніка стала вядома, што Спартыўны арбітражны суд (CAS) дапусціў Расію да ўдзелу ва ўсіх міжнародных хакейных турнірах з 2027 года.
— Вельмі шкада, што нам даводзіцца прымаць такое рашэнне, — заявіў генеральны дырэктар кампаніі AJ Энак Юхансан, словы якога цытуе TV4.
У той жа час Шведская федэрацыя хакею паведаміла, што зборная Швецыі не мае намеру байкатаваць турнір праз удзел расійскай каманды.
Аднак шведская кампанія AJ вырашыла пайсці іншым шляхам. Кампанія, якая штогод спансіравала чэмпіянаты свету па хакеі з 1989 года, цяпер байкатуе турнір 2027 года.
Пагадненне аб спонсарстве чэмпіянату ўжо заключанае, аднак кампанія мае намер прыбраць сваю сімволіку.
— Гэта вельмі сумнае рашэнне, але мы аднагалосна пагадзіліся з тым, што менавіта так і трэба ўчыніць, — заявіў генеральны дырэктар кампаніі.
Лагатыпы AJ Produkter знікнуць, у прыватнасці, з формы суддзяў і бартоў хакейных пляцовак падчас чэмпіянату.
— Мы спансіруем спорт і падтрымліваем каштоўнасці, якія стаяць за ім. Таму нам здаецца няправільным працягваць супрацоўніцтва, калі Расія ўдзельнічае ў турніры пасля ўварвання ва Украіну. Адзінае, што мы можам зрабіць, каб выказаць сваю пазіцыю, — гэта цалкам прыбраць свой брэнд. Мы лічым, што гэта важна, — кажа Юхансан.
Раней стала вядома, што іншы буйны спонсар чэмпіянату свету, кампанія Tipsport, адмовілася ад спонсарства турніру.
У сваю чаргу, у Еўропе шукаюць спосабы не дапусціць расійскую зборную да чэмпіянату свету па хакеі 2027 года. Пасля рашэння CAS супраць выступілі дэпутаты Еўрапарламента, палітыкі і прадстаўнікі хакейнай супольнасці.
Дваццаць адзін дэпутат Еўрапарламента заклікаў Еўрасаюз увесці новыя санкцыі і візавыя абмежаванні для расійскіх спартсменаў. Акрамя таго, яны прапанавалі краінам — арганізатарам турніраў абмежаваць уезд расіян.
Германія, якая павінна прыняць мужчынскі чэмпіянат свету ў 2027 годзе, таксама разглядае магчымасць адмовіцца ад правядзення турніру. Пра гэта заявіў кіраўнік Нямецкага хакейнага саюза Франк Лутц. Па яго словах, удзел Расіі пацягне за сабой дадатковыя выдаткі на забеспячэнне бяспекі.
Легенда хакею Ніклас Лідстром заклікаў байкатаваць міжнародныя спаборніцтвы ў выпадку вяртання расіян.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут