Мінчанін зайшоў у “Карону” з сабакам і апынуўся ў “малпоўніку”

08/02/2019 - 11:04

Бізнесмен Іван Цырульнікаў выставіў на продаж свайго сабаку — дзевяцігадовага ёркшырскага тэр’ера Бусю. За жывёлу мінчук хоча атрымаць 45 базавых велічынь (1147,5 рубля). Менавіта такі штраф Цырульнікаў атрымаў пасля таго, як зайшоў з сабакам у гіпермаркет “Карона” на вуліцы Кальварыйскай у Мінску і пачаў спрачацца з аховай крамы і міліцыянтам.

Канфлікты паміж пакупнікамі і аховай здараліся ў “Кароне” і раней. Самы гучны з іх скончыўся для аднаго з наведвальнікаў крамы страсеннем мозга і траўмай пазваночніка. Пакупнікі распавядаюць, што даказаць сваю правату ў міліцыі амаль немагчыма: на выклік звычайна прыязджаюць супрацоўнікі РУУС Фрунзенскага раёна, дзе знаходзіцца гіпермаркет, і ахоўнікі размаўляюць з імі як з сябрамі.

Увечары 21 студзеня Цырульнікаў зайшоў у “Карону”, каб наведаць прыбіральню. Сабака ішоў побач з ім. Ахоўнік, які сустрэўся мужчыне, запатрабаваў, каб ён тэрмінова выйшаў з будынка, бо з сабакамі там знаходзіцца нельга. Цырульнікаў праігнараваў яго і пайшоў па сваіх справах, а на выхадзе з прыбіральні яго ўжо чакалі той самы ахоўнік і міліцыянт. Калі ж мужчына пайшоў да іншага выхада з гандлёвага цэнтра, там таксама чакала ахова. 

Як спрабавалі затрымаць Івана Цырульнікава ў ГЦ "Карона"

“Па пастанове Савета міністраў, уваходзіць у краму з сабакам увогуле забаронена, — каментуюць Еўрарадыё ў “Кароне”. — Дакументы ёсць на 1-й і 37-й касе, можаце прыйсці і азнаёміцца. Уваход з жывёламі забаронены на любыя гандлёвыя аб’екты незалежна ад таго, харчовыя тавары ці не. Гэта паўсюль так, не мы прыдумалі гэтыя правілы”.

На Івана аформілі паперы ў гандлёвым цэнтры, а пасля адвезлі ў Фрунзенскае РУУС. Мінчук прызнаў, што парушыў правілы гандлёвага цэнтра, і пагадзіўся са штрафам за выгул сабакі ў неналежным месцы. Міліцыянты сказалі, што ён можа ісці дамоў.

“Міліцыянты ўжо сказалі, што я магу ісці дадому. Але я сказаў, што хачу напісаць сустрэчную заяву на ахоўнікаў і прайсці медычную экспертызу, каб пасля ніхто не сказаў, што я быў нападпітку, бо ахоўнікі яўна перавысылі свае паўнамоцтвы, пачаўшы мяне збіваць. Пасля гэтых маіх слоў усё рэзка змянілася”, — распавёў Еўрарадыё Цырульнікаў.

Івана адвезлі на агляд (алкаголю ў крыві не знайшлі), а пасля вяртання ў РУУС сказалі здымаць рэмень і выцягваць шнуркі з чаравікаў. Пасля мужчына апынуўся ў “малпоўніку”, дзе правёў усю ноч. На раніцу яго чакаў суд, які прызначыў дату пасяджэння: 29 студзеня.

Вынікі медычнага агляду

Да гэтага часу мінчук падрыхтаваўся, знайшоў адваката і быў гатовы даказваць сваю невінаватасць. Аднак не атрымалася:

“Я патрабаваў праглядзець відэа, якое я здымаў падчас спроб затрымання ахоўнікамі, патрабаваў адводу суддзі, хацеў дамагчыся больш падрабязнага разгляду справы — ва ўсім адмовілі, — распавядае Цырульнікаў. — Падчас пасяджэння паказалі відэа з гандлёвага цэнтра, на якім нічога не бачна! Толькі ўрыўкі, дзе я заходжу, потым размаўляю з ахоўнікам, пасля іду да выхаду, і тое, як падыходзяць ужо супрацоўнікі дэпартамента аховы. Чамусьці зніклі ўсе кадры “працы” ахоўнікаў!”

Паказанні, якія ахоўнік “Кароны” і міліцыянт давалі ў судзе, захаваліся ў матэрыялах справы:

“...Я ўбачыў, як самастойна па 2-м паверсе гандлёвага цэнтра бегае сабака. Пазней я ўбачыў грамадзяніна, а таксама тое, што побач з ім і бегае сабака, — распавядае ахоўнік. — Я падышоў да гэтага грамадзяніна, ветліва павітаўся з ім, запытаўся ў яго, ці яго гэты сабака. На гэта ён адказаў мне: “Табе якая справа”. Далей я папрасіў грамадзяніна ўзяць сабаку на рукі, на што ён адказаў, што сабаку браць на рукі не будзе. Я патлумачыў, што на 2-м паверсе знаходзяцца крамы з адзеннем і бытавой тэхнікай, а таксама тое, што сабака можа пашкодзіць маёмасць крам. На што ён адказаў мне: “Ты такі ж як сабака”. Я вырашыў, што працягваць дыялог з ім не варта і выклікаў супрацоўніка міліцыі…”

Паказанні міліцыянта

“... Я падышоў да гэтага грамадзяніна, ён на мяне ніяк не рэагаваў. Я прадставіўся, на што ён адказаў мне, што са мной не размаўляе. У прынцыпе, гаворка ў яго была нармальная. Яму пачалі распавядаць, што нельга знаходзіцца ў гандлёвым цэнтры з сабакам, і папрасілі яго пакінуць гандлёвы цэнтр. На што ён проста развярнуўся і пайшоў у іншы бок. Мы пайшлі за ім, пачалі яго папярэджваць, што ў яго будуць непрыемнасці, навошта яму гэта ўвогуле трэба…”

У выніку штраф — 45 базавых велічынь (1147,5 рубля). Каб заплаціць яго, бізнесовец апублікаваў у “Інстаграме” аб’яву пра продаж сабакі:

instagram.com/ivan_in_love/

Што праўда, у размове з Еўрарадыё Іван прызнаўся, што не збіраецца прадаваць сваю Бусю. Мужчына абскарджвае прыгавор, які лічыць несправядлівым, а сваім постам хоча прыцягнуць увагу да сітуацыі.

Ці сапраўды ў аховы “Кароны” асаблівыя стасункі з міліцыяй?

Намеснік старшыні ЛДПБ Алег Гайдукевіч некалькі гадоў таму кіраваў Фрунзенскім РУУС Мінска. Ён кажа, што гэта абсалютна нармальная практыка, калі міліцыянты, якія выйшлі на пенсію, “знаходзяць сябе ў ахоўнай дзейнасці”. Частка з іх, натуральна, можа ўладкавацца на працу ў “Карону”. Таму не трэба здзіўляцца добрым ўзаемаадносінам аховы ГЦ і міліцыянтаў — цалкам магчыма, усяго пару гадоў таму яны ўвогуле працавалі разам.

“Не думаю, што існуе нейкая змова супрацоўнікаў аховы [“Кароны”] з міліцыяй, — працягвае Гайдукевіч. — Дзеля чаго? Што можна ад гэтага атрымаць? Закон ёсць закон. Калі нешта не так, дык трэба, безумоўна, прыцягваць да адказнасці такога ахоўніка. А з міліцыяй ахова абавязаная мець кантакт, бо яны [ахоўнікі.
— Еўрарадыё] не могуць прымяняць фізічную сілу, а павінны выклікаць праваахоўныя органы, каб прымаліся нейкія меры.

Ахова сапраўды будуе добрыя ўзаемаадносіны з міліцыяй, бо затрыманыя за крадзеж паступаюць у органы ўнутраных спраў. Ахова не можа прыцягваць да адказнасці ці нешта яшчэ рабіць”.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі