Мастак, які дамаляваў калючы дрот да графіці, мае тыдзень, каб выправіць малюнак

25/10/2016 - 11:00

Мінскія гарадскія ўлады асудзілі ўчынак мастака, які дамаляваў у графіці аб мінска-маскоўскім сяброўстве калючы дрот. У Мінгарвыканкаме назвалі гэта "хамствам" і прапанавалі аўтару самому выправіць малюнак цягам тыдня. У супрацьлеглым выпадку грошы, якія патрацяць на ўзнаўленне малюнка ў яго першапачатковым выглядзе, будуць спаганяць з невядомага мастака праз суд.

Прэс-сакратар Мінгарвыканкама Алена Мохар падкрэслівае, што малюнак у любым выпадку адновяць, а асобу невядомага мастака, які яго дамаляваў, установяць. Пры гэтым яна дадае, што гарадкія ўлады падтрымліваюць стрыт-арт, “але гэта не значыць, што камусьці дазволяць умешвацца ва ўжо створаныя працы".

Міліцыя Кастрычніцкага раёна Мінска праводзіць праверку па факту таго, што графіці дамалявалі.

Малюнак на тэму сяброўства Мінска і Масквы з’явіўся на 32-м доме на сталічнай Магілёўскай вуліцы ў чэрвені. Яго аўтар — мастак з Яраслаўля Артур Кашак. Тады праца выклікала шмат абурэння ў грамадзян. Калючы дрот на малюнку заўважылі 24 кастрычніка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі