27 студзеня магілёўскім ратавальнікам давялося дапамагаць сабаку выбрацца з Дняпра. Каля 5-й гадзіны вечара ім затэлефанаваў гаспадар лабрадора і паведаміў, што яго гадаванец трапіў у раку і не можа самастойна выбрацца.
Выявілася, што лабрадор па мянушцы Джэсі гуляў з гаспадаром па беразе і пагнаўся за качкамі, якія знаходзіліся на адкрытай вадзе. Сабака скокнуў у ваду, а выбрацца сам не змог.
На месцы здарэння ратавальнікі выявілі, што лабрадор знаходзіцца за восем метраў ад берага. Вадалаз у гідра-тэрмакасцюме, абвязаны сігнальным канцом, паўзком наблізіўся да сабакі і выцягнуў яго на лёд, паведамляе прэс-служба МНС.
Дняпро там мае шырыню каля 80 м, глыбіню каля 5 м. Па абодвух берагах рака на 8-10 м закрытая лёдам, а пасярэдзіне — прамоіна.