Лукашэнка зноў нагадаў, што дэкрэт № 3 не адменены

14/09/2017 - 12:37

Аляксандр Лукашэнка зноў нагадаў, што дэкрэт № 3 у Беларусі не адменены. Падчас узгаднення прызначэнняў новых кіраўнікоў мясцовай вертыкалі ўлады ён даў інструкцыі па вырашэнні праблемы занятасці. “Вы на месцы павінны вызначыць, хто ў вас не працуе, а павінен працаваць, і прымусіць іх усіх працаваць, — цытуе словы Лукашэнкі БЕЛТА. — У гэтым будзе асноўная сутнасць дакумента. Не з Мінска трэба кіраваць гэтымі працэсамі”.

Як вядома, дзеянне дэкрэта № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” яшчэ ў пачатку года было прыпынена. Ён дапрацоўваецца і да 1 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка спадзяецца атрымаць яго абноўлены варыянт.

Новапрызначаным кіраўнікам Лукашэнка параіў разабрацца з тымі, хто патрапляе пад дзеянне дэкрэта № 3. І тады яны “не будуць хадзіць і крычаць “гвалт”. “Камусьці трэба дапамагчы, кагосьці трэба за руку прывесці на працу, кагосьці перапрафіліраваць, навучыць новым спецыяльнасцям, а кагосьці нахіліць”, — сказаў кіраўнік дзяржавы. Таксама ён нагадаў пра задачу дасягнуць сярэдняга заробку па краіне ў памеры 1000 рублёў. “Калі мы гэтага ўзроўню дасягнем, мы можам спакойна любому чалавеку з 10 мільёнаў сказаць: мы вам дапамаглі, каб вы маглі паесці і сям’ю накарміць, ну а далей ужо напружвайцеся і працуйце самі”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі