Лукашэнка заявіў, што Беларусі патрэбныя 15 мільёнаў насельніцтва

03/08/2017 - 10:38

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусі патрэбныя 15 мільёнаў насельніцтва. Кіраўнік дзяржавы хоча, каб дынаміка прыросту жыхароў нашай краіны павялічылася. У чацвер Лукашэнка заслухаў даклад аб дэмаграфічнай сітуацыі. Ён адзначыў, што ў апошнія гады “была станоўчая дынаміка прыросту насельніцтва” і яе неабходна “не проста захаваць, яе трэба павялічыць”.

Як вядома, нядаўна Белстат аб’явіў пра зніжэнне насельніцтва нашай краіны больш чым на 9 тысяч чалавек. На 1 студзеня 2017-га беларусаў налічвалася больш за 9,5 млн, на 1 ліпеня — толькі 9 млн 495,5 тысячы чалавек. Узровень нараджальнасці знізіўся на 13%. Мяркуецца, што ў бліжэйшае дзесяцігоддзе насельніцтва Беларусі знізіцца да 9 мільёнаў чалавек. Магчыма, што гэтыя лічбы і сталі прычынай дакладу.

“Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек, — цытуе словы Аляксандра Лукашэнкі яго прэс-служба. — А наша самая галоўная задача, якую не мы, дык нашы дзеці павінны вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, магутнасць нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях”.

Дзяржава ў пытанні з дэмаграфіяй мусіць дзейнічаць на апярэджванне, сказаў Лукашэнка. Паводле яго слоў, трэба стварыць умовы для стымулявання нараджальнасці, забяспечыць людзей працай, павысіць дабрабыт. “За вырашэнне гэтых сацыяльных пытанняў попыт з любога чыноўніка будзе самы жорсткі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі