Лукашэнка падпісаў указ аб выдзяленні БМЗ амаль 30 мільёнаў рублёў

05/04/2017 - 07:35

Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ (№ 100 ад 3 красавіка) аб выдзяленні Беларускаму металургічнаму заводу амаль 30 мільёнаў рублёў (амаль 16 млн долараў). Гэтыя сродкі мусяць забяспечыць фінансава-эканамічную ўстойлівасць прадпрыемства. У дакуменце адзначаецца, што згаданыя сродкі — гэта “астатак рэспубліканскага цэнтралізаванага інавацыйнага фонду, які ўтварыўся на 1 студзеня 2017 г.”. Яны былі ўнесены “ў якасці грашовага ўнёску Рэспублікі Беларусь на павелічэнне статутнага фонду ААТ “БМЗ”.

30 мільёнаў рублёў пойдуць “на пакрыццё выдаткаў, звязаных з фінансаваннем інвестыцыйнага праекта “Арганізацыя вытворчасці сартавога пракату з будаўніцтвам дробнасортна-драцянога стана”. Чакаецца, што паспяховая рэалізацыя гэтага праекта забяспечыць павелічэнне валютных паступленняў ад экспарту прадукцыі прадпрыемства.

Дарэчы, крыху больш за год таму кіраўнік дзяржавы падпісаў указ, які дазволіў БМЗ выпусціць валютныя аблігацыі на 240,5 млн долараў, каб разлічыцца з банкамі па крэдытах.

Фота: БЕЛТА

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі