Лукашэнка: Мае калегі ў вузкім коле кажуць, што СГА вычарпала сябе

29/03/2016 - 11:30

Аляксандр Лукашэнка цікавіцца, ці змогуць беларускія прадпрыемствы выжыць ва ўмовах Сусветнай гандлёвай арганізацыі — гэта значыць, без большасці цяперашніх мераў нетарыфнага рэгулявання і дзяржпадтрымкі. Пра гэта ён заявіў на нарадзе 29 сакавіка.

Беларускі кіраўнік сумняецца, што нам трэба далучацца да гэтай арганізацыі, бо нас туды падштурхоўваюць сапернікі. "Яшчэ зусім нядаўна, учора, казалі, што нас там, увогуле-то, не хацелі б бачыць. Сёння нас ужо актыўна да гэтага падштурхоўваюць. Хто? Што, у нас добразычліўцы ў свеце ёсць? Не. У эканоміцы суцэльная канкурэнцыя. І я заўсёды, калі нашы супернікі падштурхоўваюць да нейкіх рэчаў, сур'ёзна задумваюся, з чаго б гэта", — пераказвае БЕЛТА словы Лукашэнкі.

Кіраўнік Беларусі паведаміў, што цяпер фактычна ёсць два наймагутныя саюзы — Трансатлантычнае гандлёвае і інвестыцыйнае партнёрства і Трансціхаакіянскае партнёрства. Лукашэнка лічыць, што гэтыя аб'яднанні будуць абараняць сваіх чальцоў і не будуць улічваць парвілы СГА. "Што застаецца для Сусветнай гандлёвай арганізацыі ў гэтым свеце? Некаторыя мае калегі ў вузкім коле, калі мы абмяркоўваем гэтае пытанне, кажуць, што СГА фактычна сябе вычарпала", — канстатаваў ён.

Ён прапанаваў вызначыцца, што рабіць з Сусветнай гандлёвай арганізацыяй. Дарэчы, Беларусь вядзе перамовы з СГА ўжо больш за паўтара дзясятка гадоў. За гэты час наша дзяржава то прыпыняла, то актывізавала перамовы. Найбліжэйшыя саюзнікі Беларусі — Расія і Казахстан — з'яўляюцца чальцамі арганізацыі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі