Лукашэнка хоча новага глытка паветра ў адносінах Беларусі і Казахстана

30/05/2016 - 15:26

Беларусі і Казахстану трэба пераадолець негатыўныя тэндэнцыі ў гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў сёння ў Астане на сустрэчы з Нурсултанам Назарбаевым.

"Наша сустрэча вельмі важная. У сувязі з сітуацыяй на міжнародных рынках, у суседняй Расіі, Украіне (нашы асноўныя партнёры), у нас, у Казахстане і Беларусі, сітуацыя складваецца няпростая. І наша канфідэнцыйная, сяброўская размова заўсёды прыносіла карысць. Думаю, мы сёння дамовімся, як выходзіць з гэтага становішча", — перадае БЕЛТА словы кіраўніка Беларусі.

Лукашэнка зазначыў, што Беларусі і Казахстану пакуль не ўдалося змяніць тэндэнцыю да зніжэння ўзаемнага тавараабароту. Па яго словах, гэта блізкія, родныя дзяржавы ў адным эканамічным саюзе. Таму краінам неабходна падцягнуць гандаль і эканоміку. "Трэба нейкі новы глыток паветра. І мы сёння, як бы ні было складана, павінны даручыць урадам і самі падштурхнуць нашы адносіны, каб хутчэй выйсці з гэтай сітуацыі", — выказаў меркаванне кіраўнік дзяржавы. Ён дадаў, што цяпер вядуцца перамовы па развіцці навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Казахстанам.

Нурсултан Назарбаеў у адказ заявіў, што паміж Беларуссю і Казахстанам склаліся блізкія саюзніцкія адносіны. Казахстанскі лідар паведаміў, што ў апошнія гады створана шмат сумесных прадпрыемстваў. І хаця таваразварот у фінансавым выражэнні знізіўся, але яго фізічныя аб'ёмы захаваліся.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі