Лукашэнка асудзіў прасоўванне NATO на ўсход

23/02/2018 - 05:21

Аляксандр Лукашэнка асудзіў прасоўванне  NATO на ўсход. Пра гэта ён заявіў на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 100-годдзю Узброеных сілаў Беларусі, які адбыўся 22 лютага. 

"Мы жывем у эпоху маштабнага перадзелу свету. Мэтанакіравана, абдумана падрываецца класічнае міжнароднае права і яго аснова — суверэнітэт дзяржавы. Каласальна ўзрос фактар ​​ваеннай сілы", — цытуе заяву кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка заявіў, што ўмяшанне асноўных геапалітычных гульцоў ва ўнутраныя справы шэрагу дзяржаў, у тым ліку еўрапейскіх, справакавала ўнутраныя ўзброеныя канфлікты. На яго думку, ідзе паслядоўная мілітарызацыя Усходняй Еўропы, там разгортваюцца дадатковыя воінскія кантынгенты. 

Кіраўнік Беларусі згадаў, што не так даўно гэтыя краіны былі ў адным вайсковым блоку — Варшаўскай дамове. "Пасля распаду Савецкага Саюза нам клятвенна абяцалі, што NATO на ўсход пашырацца не будзе — трэба толькі ліквідаваць Варшаўскую дамову. Ліквідавалі. Вядома хто. Нам за гэта не сорамна", — дадаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што краіны NATO ніколі не будуць выконваць свае абавязацельствы па непашырэнні. 

За апошні час, па словах кіраўніка дзяржавы, Беларусь чатыры разы мадэрнізавала сваё войска. "Гэта каштавала нятанна. І гэта, тым больш, не матэрыяльна, а маральна і духоўна дорага абышлося беларускаму народу, як і расіянам, народам некалі Савецкага Саюза", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка дадаў, што Беларусь па сваёй Ваеннай дактрыне не разглядае ніякую дзяржаву ў якасці праціўніка, але гатовая адстойваць свае нацыянальныя інтарэсы узброеным шляхам. 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі