Камунальнікі сталі ляпіць даўжнікам налепкі "Вы наступныя на высяленне"

06/12/2016 - 17:13

Каля кватэраў тых, хто завінаваціўся за камуналку, могуць з'явіцца налепкі "Вы наступныя на высяленне". Такім чынам камунальнікі плануюць нагадаць жыхарам, наколькі сур'ёзнымі могуць быць наступствы пры запазычанасці за камунальныя паслугі.

Першыя падобныя налепкі ўжо з'явіліся ў Слоніме, піша "Газета Слонімская".

Камунальнікі адзначаюць, што такая налепка не з'явіцца, калі ў жыхароў запазычанасць, напрыклад, складае месяц — трэба даўжэйшы перыяд.

Па звестках на верасень 2016 года, у спісе даўжнікоў па камуналцы ў Слоніме ёсць людзі, якія не аплочвалі паслугі ад васьмі да 83 месяцаў (амаль 7 гадоў). Самая вялікая сума запазычанасці — 788,96 руб.

Дарэчы, за мінулыя два гады ў Слоніме восем сем'яў былі выселеныя згодна з судовым рашэннем. У чатырох сем'яў была запазычанасць за камуналку больш за два месяцы, у астатніх — больш за шэсць месяцаў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі