Пратасевіч нагаварыў на мяне цэлы том крымінальнай справы — Соф'я Сапега

29/10/2026 - 11:00

Соф'я Сапега на судзе

Пакуль Соф'я Сапега сядзела ў калоніі, яе хлопец Раман Пратасевіч гуляў у камп'ютар і паспеў ажаніцца. Пра гэта дзяўчына расказала ў вялікім інтэрв'ю выданню "Зеркало".

Прымусовая пасадка самалёта Ryanair у траўні 2021-га ў Мінску выклікала першыя сур'ёзныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Соф'я Сапега, якую тады арыштавалі разам з Раманам Пратасевічам, упершыню расказала, як яна бачыць гэтую падзею.

Дзяўчына кажа, што Пратасевіча пазнавалі ў аэрапорце ў Афінах, адкуль адпраўляўся самалёт. Калі ж абвясцілі, што самалёт будзе садзіцца ў Мінску, Раман запанікаваў: "А вось Раман пачаў крычаць сцюарду: "Нельга, не трэба цяпер саджаць самалёт, гэта па нас!" Ён вельмі моцна запанікаваў, у яго літаральна пачалася істэрыка. Таму, калі я чую, што ён нібыта ўсё ведаў загадзя і быў агентам КДБ…"

Сапега паспела папярэдзіць Данілу Багдановіча з праекта "Чорная кніга Беларусі" (ЧКБ). Калі яе саму затрымалі, дык адвялі ў пакой дзе прысутнічаў супрацоўнік ГУБАЗіКа Артур Гайко — сілавік, які ўкараніўся ў праект ЧКБ. Яго Сапега пазнала па голасе.

Соф'я кажа, што на допытах казала толькі пра Данілу Багдановіча, але гэтая інфармацыя ў сілавікоў ужо была. "Я асабіста не ведала людзей, якія дасылалі інфармацыю ў ЧКБ: усе размаўлялі пад нікамі. Быў толькі адзін чалавек, якога я ведала асабіста па перапісцы. Ён служыў у міліцыі і дасылаў фатаграфіі сваіх тагачасных калегаў, а таксама ўнутраную перапіску з іх працоўнага чата.

Я ніколі пра яго не распавядала — спадзявалася, што яму пашанцавала больш, чым мне. Яшчэ да майго затрымання прапаноўвала з'ехаць, прасіла: "Калі ласка, калі нешта здарыцца, напішыце нам — мы вас вывезем". Ён адказваў: "У мяне мама хворая. Я нікуды не паеду". Гайко бачыў нашу перапіску. У выніку гэтага мужчыну таксама затрымалі".

Паводле Соф'і, яна дала паказанні па справе былога следчага Яўгена Юшкевіча: перапіску з ім знайшлі ва ўзламаным ноўтбуку. Яна сказала непрыдатную інфармацыю: што ён не быў у ЧКБ, але мог быць у іншых чатах. Вяртанне Юшкевіча з Літвы ў Беларусь назвала "прыдуркаватасць і адвага". Юшкевіч, вызвалены ў верасні 2026-га, падзякаваў дзяўчыне.

Сапега кажа, што пасля затрымання яе білі толькі адзін раз — на Акрэсціна: "У камеру зайшоў мужчына старэйшы за 45 гадоў у чорным — кашуля, штаны, гальштук — усё было чорнае. Дагэтуль не ведаю, хто гэта быў. І ён выклікае мяне ў калідор: "Сапега, на выхад". Выходзіць. Стаіць ён і хлопчык з дубінкай —падоўжны. Ён мне: "Павярніся". Я паварочваюся — і мне прылятае ўдар па спіне. А я нічога не сказала, не выдала ні гуку, усё адбывалася як быццам не са мной, нібы была маўклівым назіральнікам. Болю я таксама не адчувала. Потым павярнулі назад тварам да гэтага мужчыны ў чорным, ён кажа: "Ну, мярзота, цяпер папалася". А я маўчу. Што мне сказаць? Ты, дарослы мужчына, і цяпер сур'ёзна вось гэта робіш? Ты наогул мужчына ці проста асоба мужчынскага полу?"

Сапега кажа, што Пратасевіч пачаў даваць паказанні ў першыя ж гадзіны пасля затрымання. У прыватнасці, яго паказанні склалі асобны том яе крымінальнай справы.

"Ужо пасля выхаду пад хатні арышт я даведалася, што яму куплялі кашулі для выступаў, ён мог сядзець не ў камеры СІЗА, а ў асобным пакоі з ложкам, куплялі кебабы. Самым дзіўным для мяне быў эпізод, калі ён распавёў, што выпіваў у кампаніі супрацоўнікаў КДБ. Немагчымае магчыма. Метад бізуна і перніка з ім спрацаваў ідэальна".

Пазней Пратасевіч угаворваў яе падпісаць дамову аб супрацоўніцтве. Дзяўчына кажа, што пайшла на гэты крок, бо баялася за Рамана. Сапега заяўляе, што практычнай карысці следству ад гэтай згоды не было, бо сілавікі і так узламалі яе камп'ютар і тэлефон: "Што б я ні сказала і што б ні зрабіла, многае ўжо было зафіксавана. Аднойчы нават следчая сказала мне, што маё прызнанне і супрацоўніцтва — паказное дзеянне".

Соф'я расказала пра дзейнасць ЧКБ, з кім была ў камандзе, як і адкуль атрымлівалі інфармацыю — з чат-ботаў і СМІ. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі