Караван мігрантаў з Гандураса па дарозе ў ЗША / Mohammed Salem, Reuters
Адгадайце спікера па цытаце: "Людзей выкарыстоўваюць для аказання ціску на Еўропу... ЕС не павінен паддавацца шантажу". Так казаў Себасцьян Курц, экс-канцлер Аўстрыі, у 2020 годзе, маючы на ўвазе чарговы міграцыйны крызіс на турэцка-грэцкай мяжы.
У суполках мігрантаў у сацыяльных сетках марш на Польшчу называюць "Караванам надзеі". Але гэта не першы караван, які прыйшоў да межаў заходняй краіны прасіць дапамогі.
Успамінаем самыя гучныя паходы на мяжу і рэакцыю ўладаў на іх.
Што здарылася? Ішоў другі год прэзідэнцтва Дональда Трампа. Увосень 2018 года група грамадзян Гандураса выйшла ў напрамку амерыканскай мяжы ў пошуках лепшага жыцця. Да канца шляху ў гэтай калоне было ўжо сем тысяч чалавек.
Ад чаго яны ўцякаюць? Журналісты апісвалі гісторыі людзей, якія ішлі ў той калоне. Хтосьці ратаваўся ад злачынных бандаў, якія пагражалі яго сям'і. Хтосьці гаварыў пра тое, што тыя самыя банды прымушаюць плаціць падатак, які перавышае даход усіх сямейнікаў. Злачыннасць, галеча — людзі раз за разам спрабуюць уцячы ад гэтага ў ЗША.
Дарога да мяжы. У караване ехалі людзі на інвалідных калясках, ішлі дзеці.
Такія калоны адпраўляюцца да амерыканскай мяжы рэгулярна. Па тэрыторыі, праз якую ляжыць шлях, караванамі перасоўвацца бяспечней за ўсё: у многіх месцах дарогі кантралююць банды.
Асаблівасць гэтага каравана была ў яго шматлюднасці. Звычайна людзі збіраюцца ціха, але тут інфармацыя з'явілася ў сацсетках — і на працягу ўсяго шляху да каравана далучалася ўсё больш чалавек.
Трамп праз сацыяльныя сеткі заклікаў мігрантаў павярнуць назад і падаць на атрыманне прыстанішча па працэдуры. Але да той калоны ўсё роўна далучаліся ўсё новыя і новыя людзі.
Шмат хто літаральна адправіўся пешшу за тысячы кіламетраў, хоць наперадзе былі не толькі рукатворныя межы паміж краінамі, але і натуральныя прыродныя.
Калі караван дабраўся да Мексікі, улады ператварылі сталічны стадыён у велізарны лагер, дзе людзі маглі перадыхнуць. Як і ў мігрантаў, якія ідуць у Польшчу праз Беларусь, у многіх тады не было правільнага адзення і абутку для такіх пераходаў.
Некаторыя ўдзельнікі каравана засталіся ў Мексіцы і папрасілі там прыстанішча.
Калі караван дабраўся да амерыканскай мяжы, за спінай у тых, хто прарабіў поўны шлях, засталося 4,5 тысячы кіламетраў дарогі.
Наперадзе ў мігрантаў быў самы загружаны памежны пераход у свеце, які дазваляў трапіць з мексіканскай Ціхуаны ў амерыканскі Сан-Дыега. У чарзе да памежнікаў у 2018 годзе стаялі тысячы чалавек.
Чым усё скончылася. Трамп адправіў тады вайскоўцаў на мяжу з Мексікай. У Міністэрстве ўнутранай бяспекі папярэджвалі, што памежнікі не збіраюцца адкрываць агонь па людзях, але маюць права на самаабарону.
У частцы рашэнняў сітуацыя была крыху падобная да той, што мы назіраем цяпер у Польшчы. Толькі ў галінах улады згоды не было ніякай. Трамп выдаў указ, які забараняў атрымліваць прыстанішча тым, хто ў краіну прыбыў у абыход працэдуры.
Суд Сан-Францыска прызнаў гэты ўказ незаконным, таму што праваабаронцы заступіліся за мігрантаў і палічылі рашэнне Трампа — парушэннем правоў чалавека. Трамп тады звярнуўся ў Вярхоўны суд, але і там яго не падтрымалі.
У выніку міграцыйны крызіс, як гэта часта бывае, стаў прычынай для ўнутрыпалітычных разборак дзвюх партый.
Што здарылася? У 2015 годзе ў ЕС прыбыло больш за мільён уцекачоў.
Македонія тады стала найбуйнейшым транзітным пунктам на шляху бежанцаў у краіны ЕС. Улетку таго года на грэцка-македонскай мяжы знаходзіліся тысячы людзей. Большасць з іх — выхадцы з Сірыі, Ірака і Афганістана.
У самой Македоніі жывуць усяго 2 мільёны чалавек. Рэсурсаў краіны было недастаткова, каб справіцца з такім патокам людзей. Amnesty International канстатавала: з людзьмі на мяжы абыходзяцца як з удзельнікамі масавых беспарадкаў, а не як з уцекачамі, якія спрабуюць схавацца ад канфлікту.
Выбухалі святлошумавыя гранаты, распыляўся слезацечны газ. Часам уцекачам удавалася прарвацца праз агароджу на мяжы, часам — уехаць афіцыйна.
Ад чаго яны ўцякаюць? Грамадзянская вайна ў Сірыі абвастрылася, перспектыў для вырашэння канфлікту ў Іраку і Афганістане не было відаць, тэрыторыя, падкантрольная ІД, пашыралася. Гэта толькі частка праблем, ад якіх спрабавалі выратавацца людзі, якія апынуліся на знешніх межах ЕС.
Дарога да мяжы. Асноўны паток людзей з Блізкага Усходу ехаў у Германію і Швецыю праз Грэцыю, Македонію, Сербію, Харватыю і Венгрыю.
Германія і іншыя краіны ЕС былі гатовыя прыняць іх. Ангела Меркель тады сказала: мы справімся. Вось і выйшла, што Балканы, якія і самі пра вайну ведаюць не па чутках, сталі своеасаблівым калідорам для ўцекачоў па дарозе ў ЕС.
І Македонія сутыкнулася з крызісам. Уцекачоў было занадта шмат. Краіна згаджалася выдаваць часовыя транзітныя дакументы — але параўнальна невялікай колькасці людзей. Папросту тым, каго ў стане перавезці і забяспечыць медыцынскай дапамогай. А чакалі гэтай магчымасці на мяжы тысячы.
Дапамогі прасілі і ў Еўрасаюза: двухмільённая краіна адна не магла вытрымаць такі націск.
І да вясны 2016 года Македонія закрыла межы. Яшчэ раней гэта зрабілі Славенія і Сербія, абвясціўшы, што тым самым закрываюць "заходнебалканскі маршрут". Уезд цяпер быў дазволены толькі тым мігрантам, у якіх пры сабе былі дакументы і якія гатовыя былі прайсці рэгістрацыю ў краіне ўезду.
Ангелу Меркель тады крытыкавалі за міграцыйны крызіс. Меркель адказала проста.
"Калі мы цяпер павінны будзем прасіць прабачэння за тое, што ў крытычнай сітуацыі праявілі сваю дружалюбнасць, то гэта больш не мая краіна".
Чым усё скончылася. Прэзідэнту Македоніі Георгэ Іванаву таксама давялося тады даваць тлумачэнні. І тлумачыць: Македонія зусім не варожая. Яго краіне не ўпершыню прымаць уцекачоў. Спярша прымалі тых, хто ратаваўся ад баснійскай вайны, потым — тых, хто ўцякаў ад вайны ў Косаве.
"Мы прынялі агулам 360 тысяч уцекачоў, так што нам не ўпершыню праяўляць гасціннасць", — казаў у 2016 годзе македонскі прэзідэнт. І тых, хто хоча застацца ў Македоніі, таксама прымуць. Але больш ніякага транзіту.
Прэзідэнт расказваў, што яго невялікай краіне міграцыйны крызіс да таго моманту ўжо абышоўся ў 25 мільёнаў еўра. А дапамогі ад Бруселя ў Скоп'і тады не атрымалі, дадаў прэзідэнт.
ЕС, зрэшты, абяцаў не пакінуць краіну зусім ужо сам-насам з праблемай. І за сем гадоў збіраўся выплаціць Македоніі 600 млн еўра.
У сярэдзіне сакавіка 2016 года ЕС і Турцыя дамовіліся разам змагацца з міграцыйным крызісам. Анкары паабяцалі фінансавую дапамогу на ўтрыманне ўцекачоў, паступовую адмену візавых абмежаванняў, працяг перамоваў пра ўступленне ў ЕС. І туркі дапамаглі даць рады з крызісам.
Што здарылася? Увесну 2020 года на межах ЕС зноў сабраліся тысячы мігрантаў. Але дзеянні еўрапейскіх краін ужо крыху адрозніваліся ад той гасціннасці, якую мы бачылі ў 2015-м. Меркель падкрэслівала: страты кантролю над сітуацыяй нельга дапусціць. Тое самае казаў аўстрыйскі канцлер Себасцьян Курц.
Дый сітуацыя адрознівалася. Эрдаган патрабаваў увагі ЕС — адсюль і новы віток крызісу.
Ад чаго яны ўцякаюць? У пачатку 2020 года сітуацыя ў Сірыі абвастрылася. Баі ў правінцыі Ідліб станавіліся ўсё больш жорсткімі. Патокі ўцекачоў — усё больш масавымі.
Дарога да мяжы. Крызіс тады разгарэўся на турэцка-грэцкай мяжы. У канцы лютага 2020 года Эрдаган заявіў: ён адкрывае мяжу з ЕС для сірыйскіх уцекачоў. Анкара прапусціла праз свае межы больш за 100 тысяч мігрантаў.
У некаторых частках мяжы былі прарывы: мігранты ішлі на сутыкненні з памежнікамі і паліцэйскімі. ЕС папракаў Анкару ў тым, што яна наўмысна справакавала крызіс у палітычных мэтах. Але прызнавалі, зрэшты, што і Турцыя сама сутыкнулася з істотнай міграцыйнай нагрузкай. Туркі прынялі 3,7 млн мігрантаў і ўцекачоў.
Эрдаган тады сказаў, што ЕС ніяк не дапамагае Турцыі з міграцыйнай праблемай. Дакладней, не дапамагае ў перасяленні сірыйскіх уцекачоў у бяспечныя зоны Сірыі, як абяцаў у 2016 годзе. Эрдаган абвінаваціў ЕС і ў невыкананні фінансавай часткі здзелкі: дзе абяцаныя 6 млрд еўра?
Зрэшты, нельга сказаць, што Турцыя зусім не атрымала грошай. У ЕС казалі, што ўжо выплацілі 4,7 млрд еўра. Затрымкі тлумачылі еўрабюракратыяй, маўляў, паскорыць працэс немагчыма.
А цяпер перакажам, як тады развіваліся падзеі не на мяжы, а ў медыяполі.
Прэзідэнт Эрдаган абвінавачваў грэцкіх памежнікаў у тым, што яны стралялі па мігрантах, і называў лік ахвяр. Грэцкі бок гэта адмаўляў і абвінавачваў Турцыю ў тым, што тая арганізуе падвоз уцекачоў да мяжы на аўтобусах. І нават раздае ім нажніцы, здольныя справіцца з металічнай сеткай і іншымі прымежнымі загародамі.
Мэркель заяўляла, што разумее імкненне Анкары дамагчыся ад ЕС такім чынам большай падтрымкі. Але дадавала, што непрымальна рабіць гэта "на спінах уцекачоў".
Эрдаган, дарэчы, і да таго, як адкрыў мяжу ў бок Грэцыі, не грэбаваў шантажом. Напрыклад, перасцерагаў ЕС ад таго, каб называць дзеянні Турцыі ў Сірыі словамі, якія яму не спадабаюцца.
"Гэй, Еўрапейскі саюз! Калі вы паспрабуеце назваць нашу аперацыю [ў Сірыі] ўварваннем, то мы адкрыем межы і адправім да вас 3,6 млн уцекачоў", — папярэджваў Эрдаган за некалькі месяцаў да таго, як адкрыць мяжу.
І вось ужо сітуацыя на беларуска-польскай мяжы не здаецца такой унікальнай.
Чым усё скончылася. ЕС і Турцыя вельмі хутка — літаральна на працягу тыдня — пачалі працаваць над новым пагадненнем аб абмежаванні нелегальнай міграцыі.
Неўзабаве пасля пачатку новага крызісу берагавая ахова Турцыі забараніла ўцекачам перапраўляцца ў краіны Еўрасаюза праз Эгейскае мора. Закрыццё гэтага шляху растлумачылі клопатам пра бяспеку ўцекачоў.
Але прымаючы рашэнні ў дачыненні да Турцыі, ЕС вымушаны азірацца на праблему мігрантаў. Любая спрэчка Турцыі з суседзямі тоіць у сабе небяспеку новага вітка крызісу.
Вынік: гэтым летам, баючыся наплыву мігрантаў з Афганістана, на мяжы з Турцыяй грэкі выбудавалі 40-кіламетровую сцяну.
Еўропа папракае Аляксандра Лукашэнку ў тым, што той стварыў на ўсходняй мяжы рукатворны міграцыйны крызіс. Але праўда ў тым, што Еўропа з такім рукатворным крызісам сутыкаецца не ўпершыню.
З Эрдаганам вырашылі дамаўляцца, таму што праблема сірыйскіх уцекачоў агульная для Еўропы і Турцыі. Усяго праз тыдзень пасля пачатку крызісу 2020 года турэцкі лідар паляцеў на перамовы ў Брусель. Аляксандр Лукашэнка ў Брусель паляцець не можа, дый Польшча пакуль не збіраецца звяртацца да ЕС па дапамогу.
Але калі для палякаў тое, што адбываецца ў іх на мяжы, — гэта нешта новенькае, то ў Бруселі цяпер напэўна адчуваюць дэжавю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут