Палітвязень Зянковіч у эфіры БТ папрасіў памілаванне ў Лукашэнкі

19/09/2024 - 21:13

Юрый Зянковіч / "Беларусь 1"

Палітвязень Юрый Зянковіч, асуджаны па "справе змоўшчыкаў", папрасіў памілаваннt ў Аляксандра Лукашэнкі. Гэта паказалі ў прапагандысцкім фільме, які выйшаў увечары 19 верасня на тэлеканале "Беларусь 1".

"Прашу прабачэння ў Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі за тое, што спрабаваў зрабіць. Я хацеў бы скарыстацца выпадкам і звярнуцца да яго з просьбай памілаваць мяне і даць мне магчымасць вярнуцца да сваёй сям'і, да сваіх блізкіх", — заявіў Зянковіч.

Таксама ён згадаў, што мае грамадзянства ЗША. З гэтай нагоды ён заявіў, што хоча звярнуцца да кандыдатаў у прэзідэнты ЗША Камалы Харыс і Дональда Трампа, каб яны паспрыялі "майму хутчэйшаму вяртанню ў Злучаныя Штаты, у штат Тэхас, горад Х'юстан, дзе мая сям'я пражывае да сённяшняга дня".

Зянковіча затрымалі ў красавіку 2021 года. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса і асуджаны на 11 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Потым над ім адбываліся яшчэ два суды. На адным яму дадалі паўгода зняволення, другі прысуд невядомы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі