Грошы на штраф Гормашу, які крычаў "Ганьба!" даішнікам, сабралі за хвіліны

01/06/2020 - 17:24

Грошы на штраф мінчуку Яўгену Гормашу, які крычаў "Ганьба!" даішнікам, сабралі за лічаныя хвіліны. Людзі так актыўна выказвалі салідарнасць, што не вытрымліваў сайт.

Як паведамляла Еўрарадыё, здарэнне адбылося 31 траўня падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты Святланы Ціханоўскай каля Камароўкі ў сталіцы. Там сабралася вялізная чарга. Людзей у ёй сігналамі падтрымлівалі кіроўцы аўтамабіляў, і за гэта іх спынялі і штрафавалі супрацоўнікі ДАІ. Гормаш абурыўся і крыкнуў "Ганьба!". Двое даішнікаў спрабавалі яго затрымаць, але некалькі жанчын літаральна "адбілі" ў іх раварыста. Але пазней маладога чалавека затрымалі людзі ў цывільным. 1 чэрвеня суд Савецкага раёна аштрафаваў Яўгена Гормаша на 1350 рублёў. Даішнік сцвярджаў, што мінчук на яго плюнуў, мацюкаўся, а той прызнаў, што толькі крычаў "Ганьба!".

Гормаша прызналі вінаватым у "непадпарадкаванні супрацоўніку міліцыі", "дробным хуліганстве", "удзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве".

Паколькі грошай сабралі больш, чым трэба, раварыст перавядзе частку сумы на дапамогу іншым затрыманым на акцыях у падтрымку Сяргея Ціханоўскага.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі