У Літву вярнуліся 177 грузавікоў, затрыманых у Мінску

29/03/2026 - 01:47

Літоўска-беларуская мяжа / P. Peleckio / BNS nuotr.

З аўторка да паўночы з пятніцы на суботу праз памежныя пункты Медзінінкай і Шальчынінкай у Літву з Беларусі вярнуліся 177 раней затрыманых у Мінску грузавікоў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (VSAT) Гедрюс Мішуціс.

Паводле яго слоў, праз пункт Медзінінкай уехалі 122 грузавікі, праз Шальчынінкай — яшчэ 55. Калі цяперашнія тэмпы захаваюцца, у найбліжэйшыя суткі агульная колькасць вернутых машын можа дасягнуць 200. Праверка транспарту на літоўскім баку праводзіцца па асобных палосах, каб паскорыць працэс.

Першыя грузавікі літоўскіх кампаній, якія прастаялі каля чатырох месяцаў на спецыяльных стаянках у Беларусі, перасеклі мяжу ў аўторак раніцай. Гэта адбылося пасля таго, як напярэдадні дазвол на іх выезд даў Аляксандр Лукашэнка. Умовай выезду стала аплата захоўвання, пры гэтым беларускі бок заяўляў, што тарыф быў зніжаны ў параўнанні з ранейшымі 120 еўра за суткі.

Літоўскія грузавікі былі затрыманы ў кастрычніку мінулага года пасля часовага закрыцця мяжы Літвой з-за кантрабандных паветраных шароў, якія перашкаджалі працы аэрапорта Вільнюса. Нягледзячы на наступнае адкрыццё мяжы, беларускія ўлады ўтрымлівалі транспарт на спецыяльных пляцоўках і заяўлялі пра магчымую канфіскацыю.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі