Глеб і Крывец ― за Расію, а ў Радзівонава “да нашых суседзяў цікавасці няма”

14/06/2018 - 12:31

14 чэрвеня ў Расіі пачынаецца чэмпіянат свету па футболе. Еўрарадыё даведалася ў вядомых беларускіх футбалістаў і трэнераў, каго яны лічаць фаварытамі турніру і за якую зборную будуць балець.

Былы галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе Аляксандр Хацкевіч кажа, што найперш будзе балець за “прыгожы футбол”. Тым не менш, называе фаварытаў, матчы якіх не прапусціць:

Аляксандр Хацкевіч, фота football.ua

“Тут [на сёлетнім чэмпіянаце. ― Еўрарадыё] фаварыты Германія, Бразілія, Францыя, Аргенціна. Але буду перажываць і за расійскую зборную. Праўда, прадказаць, як далёка яны пройдуць, не магу. На дадзеным этапе задачы ― хаця б выйсці з групы. А там, крок за крокам…”

Зорка БАТЭ Віталь Радзівонаў прызнаецца, што яму больш сімпатычныя немцы і бразільцы. Кажа, на яго думку, менавіта гэтыя зборныя і з’яўляюцца сёлетнімі фаварытамі. Ну, можа, яшчэ і зборную Іспаніі можна ў спіс фаварытаў дадаць. А вось зборная Расіі Віталя Радзівонава не цікавіць ўвогуле:

Віталь Радзівонаў, фота Еўрарадыё

“Не ведаю, чаму, але ў мяне да вынікаў нашых суседзяў няма ніякай цікавасці”.

З калегам катэгарычна не згодны Аляксандр Глеб. Ён найперш будзе балець за расіян. Праўда, шчыра прызнаецца: працягвацца гэта будзе вельмі нядоўга.

“Гэта каманда, якая проста мне бліжэйшая. Але, вядома, гэта не фаварыт. Шчыра кажучы, ім будзе складана нават з групы выйсці, бо не такія простыя сапернікі расіянам дасталіся. Ну, а ў такім выпадку [калі зборная Расіі выляціць з чэмпіянату. ― Еўрарадыё], буду балець за прыгожы футбол. Па праўдзе, мне б хацелася, каб Месі выйграў гэты чэмпіянат свету ― сімпатыю да яго маю. А каб за нейкую каманду балець, у мяне такога няма”, ― кажа Аляксандр Глеб.

Аляксандр Глеб, фота belprauda.org

Былы трэнер “Крумкачоў” і БАТЭ Алег Дулуб балець не будзе ні за каго. Тым не менш, ёсць каманды, якія выклікаюць сімпатыі ў беларускага спецыяліста:

“Традыцыйна, гэта Бразілія, Іспанія, напэўна, Аргенціна і Германія. І вельмі цікава будзе цяпер на Расію паглядзець. Бо ― краіна-арганізатар. І, на мой погляд, апошнім часам ідзе незаслужана моцны ціск на гульцоў, на трэнераў з боку СМІ. Мне незразумелая прычына гэтага… Ну, і цікава паглядзяць, наколькі гульцы і трэнеры справяцца з гэтым. Толькі ў гэтым мая цікавасць да расійскай зборнай”.

Алег Дулуб, фота Еўрарадыё

Кажа, калі ў расіян атрымаецца аб’яднаць каманду насуперак усяму негатыву, што на іх выліваюць, то пройдзе зборная далёка. У адваротным выпадку нават з групы не выйдуць.

Футбаліст Сяргей Крывец называе тры каманды, за гульнёй якіх будзе сачыць найперш ― Расія, Польшча і Партугалія.

“За Расію, таму што Расія блізкая мне ― заўжды хваляваўся за расіян. Польшча, бо ўжо шмат гадоў звязанае маё жыццё з Польшчай, жонка мая адтуль. Што да шансаў расіян, то, спадзяюся, што яны хаця б з групы выйдуць. Гэта ўжо будзе нядрэнны вынік для зборнай Расіі”.

Сяргей Крывец, фота www.euroline.by

Няма чаго за той расійскай зборнай сачыць, упэўнена адказвае трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Людас Румбуціс:

“Я там нічога новага не ўбачу ― гэта на 100%. Там толькі што з ЦСКА ёсць пару цікавых гульцоў, а астатнія… Прынамсі, балець за іх я не буду, але глядзець давядзецца ― я еду на гульню Расія-Егіпет у Піцер 19 чэрвеня. Так, глядзець буду і, магчыма, суперажываць, бо суседзі, але балець за іх дакладна не буду”.

Людас Румбуціс, фота www.pressball.by

Сярод фаварытаў, за якіх будзе балець, Людас Румбуціс называе зборныя Бразіліі і Германіі. Але не выключае і з’яўленне цёмнага коніка.

Людас Румбуціс: “Я думаю, што цёмны конік ― гэта англічане. У якіх вельмі хуткая каманда, ёсць нападаючыя сусветнага ўзроўню, якія забіваюць. Цяпер у іх саспелая каманда. Не тое, што на чэмпіянаце Еўропы, калі яны не вельмі добра глядзеліся. Думаю, яны будуць вельмі моцнымі”.

Цырымонія адкрыцця чэмпіянату адбудзецца ў Маскве ў 17:30 па беларускім часе. Першы матч чэмпіянату пачнецца ў 18:00. На ім сустрэнуцца гаспадары, зборная Расіі, і зборная Саудаўскай Аравіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі