24 — столькі беларускіх фільмаў круцілася ў сталічных кінатэатрах цягам апошніх пяці гадоў. Вядома, нам стала цікава, якую з гэтых стужак праглядзела найбольш гледачоў. Думаеце, гэта карціна, на якую дзяржава патраціла два з паловай мільёны і ў якой сыграў Эрык Робертс?
Не! Лідарам рэйтынгу стаў… “ГараШ” Андрэя Курэйчыка, які выйшаў на экраны на пачатку 2016-га года. Яго паглядзела 5 521 гледачоў, а зборы з яго склалі 17 625 тысяч новых беларускіх рублёў (больш за 8 тысяч долараў). Пры гэтым на здымкі стужкі было патрачана, па словах рэжысёра, каля пяці тысяч долараў. Самае цікавае, што “ГараШ” — адзіны з гэтага спісу фільм, які акупіўся ў сталіцы!
Другое месца сярод беларускіх фільмаў апошніх гадоў займаюць "Белыя Росы. Вяртанне", рэмэйк колішніх "Белых Росаў", зняты за грошы дзяржаўнага бюджэту. У Мінску стужку Аляксандры Бутар праглядзеў 5 281 глядач. У пракаце фільм сабраў 14 724 тысячы беларускіх рублёў (сем тысяч долараў).
На трэцім месцы — дзіцячы прыгодніцкі фільм "Цуда-востраў ці Палескія рабінзоны" рэжысёра Сяргея Сычова, здымкі якога абышліся дзяржаве амаль у мільён долараў. Праўда, энтузіязму ў сучасных беларускіх школьнікаў кіно не выклікала: у Мінску стужку паглядзела усяго 3 646 гледачоў, а зборы склалі 4 383 тысячы беларускіх рублёў (крыху больш за дзве тысячы долараў).
А вось да суперразрэкламаванага блокбастэра "Мы, браты" мінчукі паставіліся абыякава. Бюджэт фільма склаў 2,5 мільёна долараў, пра карціну не напісаў толькі лянівы, але ў выніку яе паглядзела ўсяго 2 535 сталічных кінаманаў, на продажы квіткоў стваральнікі зарабілі каля 2,5 тысячы долараў. Міністэрства культуры паведамляе, што паказы "Мы, браты" у Беларусі наведала 40 тысяч чалавек, а ўсяго ў айчынным пракаце стужка зарабіла 43 тысячы долараў (нешта толькі квіткі на мегастужку каштавалі таннавата).
Літаральна на 72 гледача менш прыйшло ў сталічных кінатэатрах на апошні фільм Андрэя Курэйчыка "Party-zan фільм" — 2 463 чалавекі. Пры бюджэце больш за 40 тысяч долараў у сталічным пракаце стужка сабрала менш за дзве тысячы долараў (затое па валавых зборах займае ў рэйтынгу трэці радок). Аднак мы памятаем, паказ камедыі Курэйчыка быў часткова сарваны чыноўнікамі ад Мінкульта, якія спрабавалі ўгледзіць у ёй элементы парнаграфіі. Рэжысёр мяркуе, што з-за гэтага фільм згубіў шмат грошай.
Цікава, што на сёмым месцы сталічнага рэйтынгу апынуўся нашумелая драма Сяргея Лазніцы "У тумане". Увагу да карціны, уладальніцы розных кінаўзнагарод, праявілі ўсяго 1 668 мінчан. У пракаце фільм, выдаткі на які склалі два мільёны еўра, у Мінску сабраў крыху больш за дзве тысячы еўра. Тым часам у Францыі экранізацыю аповесці Васіля Быкава паглядзела 15,5 тысячы чалавек, у Польшчы — больш за 6 тысяч, а ў амерыканскім пракаце стужка сабрала 11 894 долары.
Затое ў беларускіх рэгіёнах зусім іншыя фільмы-фаварыты. У пракаце Гомеля, напрыклад, за апошнія пяць гадоў самым папулярным па наведванні стаў фільм "Скрасці Бельмандо" Мікалая Князева. У лідарах таксама "Цуда-востраў ці Палескія рабінзоны", "Мы, браты" і "Дзяржаўная мяжа. Фільмы дзявяты і дзясяты". Дарэчы, дзявяты фільм "Дзяржаўнай мяжы" у 2014-м годзе ў Мінску паглядзела ўяго... 22 чалавекі, а фільм зарабіў усяго 99 рублёў.
Стужка "Самотны востраў" стала лідарам пракату Гродзенскай вобласці. У 2012 годзе яе наведаў 7 951 жыхар Гарадзеншчыны (у той жа час у сталіцы яе прагледзела усяго 574 чалавекі).
"Дзяржаўная мяжа: падманная мэта" — 7 926, "Мы, браты" — 7 671, "У тумане" — 2 531, "Скрасці Бельмандо" — 1 953.
"Цуда-востраў ці Палескія рабінзоны" на Гарадзеншчыне паглядзела 1 672 чалавекі, "Белыя Росы. Вяртанне" — 1 036. "ГараШ" Курэйчыка — усяго 356 гледачоў, праўда, яго паказвалі толькі ў двух кінатэатрах вобласці.
"Увогуле, за ўсю гісторыю самымі касавымі фільмамі былі "Анастасія Слуцкая": у нашай вобласці яго праглядзела 45 028 гледачоў, — гавораць у кінавідэапракаце Гродзенскай вобласці. — У 2004-2006 таксама беларускія фільмы мелі добрыя зборы. Але тады стаўка рабілася менавіта на арганізаванага гледача — і дзяцей, і дарослых. Напрыклад, "Вам заданне" 2004-га года наведала 67 тысяч гледачоў. "Глыбокая плынь"(2005) — больш за 55 тысяч. Дзіцячы фільм "Навагоднія прыгоды ў ліпені" — больш за 22 тысячы".
У адрозненне ад 2000-х, цяпер кінатэатры ёсць не ва ўсіх раённых цэнтрах Беларусі. Таму, кажуць спецыялісты, для папулярызацыі беларускіх фільмаў даводзіцца прыцягваць адміністрацыйны рэсурс і вывозіць стужкі ў рэгіёны: у школы і на прадпрыемствы. То бок, атрымліваецца, калі б не гэта, рэальныя прагляды ў рэгіёнах былі такімі ж, як у Курэйчыка.