Фонд Bysol, ілюстрацыйнае фота / "Наша Ніва"
Фонд салідарнасці Bysol пачаў першыя выплаты былым палітвязням, вызваленым 19 сакавіка. Пра гэта паведамляе DW са спасылкай на фонд.
19 сакавіка стала вядома пра вызваленне 250 палітвязняў. 15 чалавек былі прымусова вывезеныя з Беларусі ў Літву, а 235 дазволілі застацца на радзіме.
У той жа дзень фонд запусціў экстраны збор у 250 тысяч еўра. Па стане на 25 сакавіка было сабрана амаль 90 тысяч еўра, збор абвешчаны да 31 сакавіка.
У фондзе кажуць, што пачалі выплаты раней, чым закрылі збор, бо вызваленым людзям грошы патрэбныя як мага хутчэй. Грошы абяцаюць выплаціць нават у тым разе, калі не ўдасца сабраць запланаваную суму праз экстраны збор.
"Усе палітвязні маюць права на дапамогу ў адну тысячу еўра, гэта праграма Bysol, і экстраны збор — частка яе. І ўсе, хто звернецца, атрымаюць гэтую дапамогу, нават калі збор не закрые 250 тысяч. Ад донараў, праз Міжнародны гуманітарны фонд, з нашага агульнага збору для палітвязняў", — тлумачаць у Bysol.
Таксама ў фондзе расказалі, як змогуць атрымаць грошы тыя экс-палітвязні, якія засталіся ў Беларусі пасля вызвалення. Фонд Bysol у Беларусі лічыцца "экстрэмісцкім", таму кантакты з ім небяспечныя.
У фондзе кажуць, што не будуць рабіць ніякіх прамых пераводаў грошай ці дастаўку кур'ерамі. "Трэба знайсці даверанага чалавека, у якога ёсць еўрапейскі рахунак, і папрасіць яго звязацца з намі, каб прыняць сродкі", — расказвае падрабязнасці святар Аляксандр Кухта, які працуе ў Bysol. Ён кажа, што такія спосабы выкарыстоўваліся і раней, і яны працуюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут