Буйное сельскагаспадарчае прадпрыемства з 2023 года шукае загадчыка складам бульбасховішча

26/03/2026 - 18:46

Няма на прадпрыемстве і галоўнага ветэрынара / LookByMedia

Рэспубліканскае сельскагаспадарчае прадпрыемства "Усход", якое знаходзіцца ў Мінскай вобласці, адчувае сур’ёзны кадравы дэфіцыт. Асобныя вакансіі застаюцца незапоўненымі гадамі. Інфармацыя пра гэта змяшчаецца ў дакуменце абласнога Дзяржкантролю, які рэдакцыі Еўрарадыё перадала арганізацыя BELPOL.

Так, напрыклад, з 30 студзеня 2026 года не закрыта вакансія галоўнага ветэрынарнага ўрача. Спецыялісту гатовыя плаціць 4100 рублёў. "Усход" таксама шукае двух ветэрынарных урачоў з заробкам у 2000 рублёў.

З 22 чэрвеня 2023 года прадпрыемства шукае загадчыка складам бульбасховішча. З канца 2024 года — агранома па ахове раслін.

Няма ў штаце "Усхода" заатэхніка-селекцыянера, загадчыка рамонтнай майстэрні, інжынера па кантрольна-вымяральных прыборах. Акрамя таго, на канец лютага 2026 года прадпрыемству патрабуецца 18 жывёлаводаў і тры аператары машыннага даення.

Усяго ж у гаспадарцы працуе крыху менш за 300 чалавек, а агульная зямельная плошча прадпрыемства складае 3892 гектары.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі