Эксперт: “аперацыя” па пасадцы борта Ryanair у Мінску — гэта поўны правал

02/06/2021 - 11:22

Інцыдэнт з прымусовай пасадкай самалёта авіякампаніі Ryanair і затрыманнем блогера і журналіста Рамана Пратасевіча ды ягонай дзяўчыны Сафіі Сапега ў расійскіх СМІ абмяркоўваюць ці не больш, чым леташнія пратэсты ў Беларусі. Ізноў загучалі словы пра тое, што прыйшоў час расіянам ратаваць беларусаў ледзь не шляхам непасрэднага далучэння Беларусі да Расіі “шасцю абласцямі”. А ў гэты час у беларускім войску рыхтуюцца сустракаць прызыўнікоў з “пратэставым мінулым”…

Спланаванай аперацыяй ці выпадковасцю была сітуацыя з пасадкай самалёта? Якую ролю грае ў ёй Расія? Што чакае прызыўнікоў з “пратэставым мінулым” у беларускім войску? На гэтыя ды іншыя пытанні адказвае ваенны эксперт Ягор Лебядок.

Аперацыя па пасадцы самалёта RyanAir у Мінску — гэта поўны правал

— Гэта аперацыя пад прыкрыццём міжнароднага права. Стандартны выпадак, калі яно выкарыстоўваецца для рашэння ўнутраных задач. Але ідзі яшчэ паспрабуй даказаць злоўжыванне міжнародным правам у судзе! 

А пасля здзяйснення аперацыі запусцілі інфармацыйную кампанію па адбельванні. Расіяне пачалі называць аперацыю бліскучай. Але калі аперацыя сапраўды бліскучая, пра яе ніхто ніколі не даведаецца. А тут... кола тых, хто быў у курсе, было не такое шырокае. А інфармацыйнае асвятленне было праваленае.

Падобныя аперацыі часцяком мяжуюць з пачаткам вайны, таму павінны суправаджацца інфармацыйнай загатоўкай і дыпламатычнай. І там, і там былі поўныя правалы. Гэта было відаць па самым пачатку, калі “незалежны” тэлеграм-канал “Пул первого” напісаў: “Лукашэнка выратаваў Еўропу”. Пасля ГУБАЗіК апублікаваў і прыбраў допіс пра захоп Пратасевіча.

Потым па дзяржаўным тэлебачанні фактычна заявілі, што КДБ і Пагранічны камітэт некампетэнтныя. Было сказана, што на праверцы дакументаў у памежнікаў не ўзнікла пытанняў — а на Пратасевіча звярнулі ўвагу, толькі калі дзяўчына апублікавала фота. Гэта значыць, калі б не выпадковае фота — “тэрарыста” б не затрымалі. Няўжо ў аэрапорце няма спісу асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасці?

Як інцыдэнт з захопам Пратасевіча асвятлялі расійскія СМІ

— Далей — класічныя дзеянні Расіі ў канфлікце, дзе яна замешаная: масавы ўкід розных версій. Гэта робіцца, каб распыліць увагу да выпрацоўкі адзінай версіі. У рамках укіду заўжды прапаноўваюць версію, якая дыскрэдытуе сябе — якую ў будучыні лёгка абвергнуць або ўбудаваць уласную версію.

Потым, каб выйграць час, кажуць, што расследавання не было. Маўляў, усе зробленыя заявы палітызаваныя — а трэба дачакацца расследавання. Па завяршэнні расследавання скажуць, што яно было тэндэнцыйным. У кожным разе вынік палітызаваны. Тут мне даспадобы дзеянні ЕС: яны ў гэтую ерундыстыку гуляць не сталі.

Расія (а цяпер — і Беларусь) выкарыстоўваюць міжнароднае (і наогул — дамоўнае) права з асноўнай мэтай: скаваць контрагентаў, атрымаўшы максімум ад яго і ўклаўшы мінімум ад сябе — перадусім у палітычнай і ваеннай сферах.

Еўрапейцы гэта зразумелі. Іх рэакцыя была простая: вы можаце казаць што заўгодна, але нам усё зразумела. Хочаце — будзе расследаванне: літоўская паліцыя, ICAO (Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі). ЕС прыняў адзіна вернае рашэнне: калі права выкарыстоўваюць супраць цябе, у цябе ўзнікае адваротная рэакцыя.

Адкуль у лісце пра мініраванне ўзяўся ХАМАС

— Патрэбны тэрарыст. Узяць чачэнцаў — атрымаеш плюху ад Расіі. Узяць “Правы сектар” — смешна і няёмка, на каго гэта ўжо працуе — тым больш калі ты дзейнічаеш супраць еўрапейскага борта. Браць каго-небудзь у ЕС: што, баскі замініруюць самалёт? А ХАМАС у мэйнстрыме — якраз на фоне адбываецца канфлікт паміж імі і Ізраілем.

Можна было падвязаць лівійцаў: у 2016 годзе яны ўкралі самалёт і пасадзілі на Мальце. Можна было прааналізаваць існуючыя канфлікты: тая ж Турцыя. Але выкарысталі тое, што было на слуху. ЕС падтрымлівае Ізраіль — мы “ратуем” ЕС ад ХАМАС, нейкая такая логіка.

Аперацыю маглі рыхтаваць пад Ціханоўскую

— Мяркуючы па інфармацыйным асвятленні, рашэнне аб аперацыі прымаў у апошні момант асабіста Лукашэнка. Ды ён гэтага і не адмаўляе. Цяпер уся знешняя выведка працуе над адсочваннем “уцёклых”. І, на маю думку, рашэнні беларускіх уладаў грунтуюцца на меркаваннях больш дасведчаных расійскіх спецслужбаў. Тут можна маніпуляваць як хочаш. 

Зразумела, што цяпер адсочваюцца перамяшчэнні Ціханоўскай, Латушкі, Матолькі, Пуцілы. Магчыма, гэту аперацыю рыхтавалі пад Ціханоўскую. Але зразумелі, што не гатовыя. Дый розгалас быў бы значна большы.

У беларускіх спецслужбаў, безумоўна, ёсць магчымасць, умоўна, вывезці Ціханоўскую ў Беларусь — “у багажніку”. Межы на замку толькі для абывацеляў: спецслужбы любой краіны адпрацоўваюць праходы цераз мяжу, каб у выпадку чаго засылаць дыверсійныя групы. Ёсць атрады па захопе і вызваленні закладнікаў — гэта, вядома, розныя аперацыі, але, па сутнасці, вельмі падобныя.

Але стрыгерыць на адпраўку такой групы ў Вільню ці Варшаву можа хіба страта псіхалагічнага кантролю над сабой. Але гэта будзе крыж на любой наступнай спробе Лукашэнкі развярнуцца ў бок Захаду. А нават калі прывезці ў Мінск Ціханоўскую, знойдзецца іншы чалавек, які будзе прадстаўляць беларускую апазіцыю ў Еўропе. 

Расійская прапаганда пралічылася з ціскам на Лукашэнку

— Каб адказаць, ці ўдзельнічалі ў аперацыю расіяне, трэба разумець, чым Пуцін збіраецца таргавацца з Байдэнам. Сітуацыя, што склалася, не дадае Пуціну відавочных плюсаў. Але яшчэ больш адварочвае Лукашэнку ад Еўропы. У геапалітыцы расіяне з кожнага выпадку імкнуцца выцягнуць максімум карысці па розных кірунках, не заўжды відавочных. Часам можа падавацца, што ў Расіі нешта плануюць, але ў іх проста добра пастаўленая аператыўная работа.

Выпадак з самалётам расіяне выкарысталі шматпланава. Спярша пахвалілі Лукашэнку і падтрымалі ягоны электарат. Сваім грамадзянам паказалі: метады дзейсныя, мы так будзем пераследаваць сваіх ворагаў. Адначасова праз затрыманне расійскай грамадзянкі на Лукашэнку аказваюць ціск, але тут Лукашэнка атрымаў і козыр для гандлю з Пуціным. З непрыкметнай дзяўчынкі зрабілі сімвал, а “рускія ж сваіх не кідаюць”. У расіяніна глыбіннай ментальнасці ўзнікае выснова: нашага грамадзяніна затрымалі, Пуцін мусіць умяшацца. А за гэта можна таргавацца.

Пасля жніўня 2020 года лінія паводзінаў Расіі пастаянна змяняецца, бо Пуцін не разумее, што рабіць з Лукашэнкам. Ён нязручная фігура, але палітычныя выдаткі праз ягонае прыбіранне могуць быць больш значныя за выгаду. Патрэбна і захоўваць статус-кво, і нешта прапрацоўваць. Інфармацыйны парадак дня дзвюх краінаў цяпер фармуецца Расіяй. А наша прапаганда раней была проста ўбогай, а цяпер яна ўбогая і агрэсіўная.

Цяпер Расіі няма сэнсу анексаваць Беларусь

— Расія праводзіць працяглую аперацыю ўплыву, каб прадухіліць інерцыйнасць на міжнароднай арэне. Прасцей гэта зрабіць, калі беларусы будуць адчуваць сябе не народам, а тутэйшымі: без мовы і культуры. Сэнсу ўрывацца на чужую тэрыторыю пры такім раскладзе няма ўвогуле: дастаткова пачакаць яшчэ гадоў пяць.

Расіяне працуюць стратэгічна: пакуль Лукашэнка выжывае адным днём, яны паціху сцягваюць пятлю. Прычым ягонымі рукамі. Праціўніка недаацэньваць нельга: расіяне імкнуцца дзейнічаць нестандартна. І яны могуць спрытна рэагаваць, калі сітуацыя развіваецца не так, як яны разлічваюць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі