Дзве навапалачанкі абакралі пяцярых пенсіянераў на 50 мільёнаў рублёў

29/02/2016 - 13:43

Упраўленне Следчага камітэта па Віцебскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы супраць дзвюх жыхарак горада Наваполацка.

На працягу трох тыдняў увосень 2015 года пенсіянеры Полацкага раёна паведамлялі праваахоўнікам пра крадзяжы ў іх дамах. Перад гэтым іх наведвалі дзве жанчыны, якія называліся работніцамі розных дзяржаўных структур, якія аказваюць дапамогу састарэлым грамадзянам. Адным жанчыны гаварылі, што правяраюць праводку і электрычны лічыльнік. Другім — што яны работніцы страхавой кампаніі альбо сацыяльныя работніцы.

У доме адна з госцяў гаварыла з гаспадарамі, а другая абшуквала дом, шукаючы грошы і каштоўнасці. Забраўшы грошы і каштоўнасці, жанчыны спешна развітваліся з пацярпелымі і сыходзілі.

Па падазрэнні праваахоўнікі затрымалі 34- і 35-гадовую жыхарак Наваполацка. Падчас следства выявілася, што махляркі абакралі дамы пяцярых пенсіянераў. Узрост пацярпелых — ад 72 да 91 года. Усе яны пражывалі самотна, іх дамы размяшчаліся ў прыватным сектары.

Жанчын вінавацяць у крадзяжы, учыненым паўторна, групай асобаў, з пранікненнем у жыллё, у буйным памеры. Адна з іх, як паведамляецца, мае чатыры судзімасці за маёмасныя злачынствы. Пацярпелым пенсіянерам часткова кампенсавалі шкоду, нанесеную злачыннымі дзеяннямі абвінавачаных.

Крымінальная справа перададзеная пракурору для накіравання ў суд.

 

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі