"Дэбют" Анастасіі Мірашнічэнка не трапіў у шорт-лісты "Оскара"

17/12/2019 - 08:03

Дакументальная стужка Анастасіі Мірашнічэнка "Дэбют", дзе расказваецца пра тэатр у жаночай калоніі ў Гомелі, не патрапіла у шорт-ліст кінапрэміі "Оскар". 

Сёлета Беларусь была ў пяцёрцы краін, якія падалі на конкурс менавіта неігравую карціну. Стужка ўвайшла ў два лонг-лісты кінапрэміі — як найлепшы фільм на замежнай мове і найлепшы дакументальны фільм. Сама рэжысёрка ў інтэрв'ю "Белгазеты" заявіла, што прывыкла быць па-за кадрам і што не верыць у "Оскар": 

"У мяне нават у фантазіях гэтага ніколі не было. Мы нават пайшлі ў заклад з прадзюсарам фільма Віктарам Лабковічам: калі "Дэбют" не патрапіць у шорт-ліст, ён выканае любое маё жаданне, пройдзе — я яго". 

Стужка "Дэбют" здымалася цягам года — па выхадных. На гэта Анастасія Мірашнічэнка і здымачная група атрымалі дазвол у МУС. Рэжысёрка кажа, што фільм зняты ў фармаце працяглага назірання. 

"Я б сказала, што ён не пра калонію і не пра тэатр, а пра жыццё", — расказала Анастасія ў інтэрв'ю Forbes. — У фільме няма пастановачных кадраў — усё, што вы бачыце, адбывалася на самай справе. Але ўсё ж такі ад хронікі "Дэбют" адрозніваецца, таму што мы спрабавалі зазірнуць ва ўнутраны свет нашых герояў. Для гэтага мы доўгі час здымалі ўсё запар і чакалі, калі яны прывыкнуць да нас і да камеры, перастануць цэнзураваць сябе. А яшчэ падчас здымак мы выкарыстоўвалі добрую оптыку, якая дазваляла стаяць ад аб'екта вельмі далёка, а здымаць яго вельмі буйна. У выніку нават размовы, якія адбываліся на вельмі аддаленай ад камеры адлегласці, у фільме выглядаюць так, быццам герояў здымаюць ва ўпор. Так што ўсё, што вы бачыце, — рэальная рэчаіснасць".

У верасні сакратар Беларускага оскараўскага камітэта прадзюсар Валерый Дзмітрачэнка расказаў, што агулам на "Оскар" былі пададзеныя тры заяўкі. Акрамя фільма "Дэбют", прэтэндавалі карціны "Унутры сябе" Сяргея Талыбава і "Кадыш" Канстанціна Фама. 

"Наш камітэт прыняў рашэнне аб тым, што Беларусь на "Оскары" будзе прадстаўляць дакументальны фільм "Дэбют", які расказвае пра тэатр у жаночай калоніі. Карціну прапанавана намінаваць у катэгорыі "Найлепшы замежны фільм", — растлумачыў тады Дзмітрачэнка.

Паводле ўмоў адбору, трэба было прадставіць поўнаметражны ігравы, дакументальны або анімацыйны фільм працягласцю не менш за 40 хвілін. Арыгінальны запіс дыялогаў, а таксама гатовы фільм павінны быць пераважна на беларускай або рускай мовах. Фільм мусіў быць выпушчаны ў камерцыйны пракат з 1 кастрычніка 2018 да 30 верасня 2019 года і паказвацца не менш за 7 дзён запар.

Таксама стала вядома, што ў шорт-ліст "Оскара" трапіла польская стужка "Цела Божае", атрымаўшая прыз глядацкіх сімпатый на сёлетнім кінафестывалі "Лістапад". І яшчэ адразу тры расійскія стужкі. У намінацыі "Найлепшы фільм на замежнай мове" прадстаўлена карціна Канцеміра Балагава "Дылда", у катэгорыю "Найлепшы кароткаметражны анімацыйны фільм" патрапіла карціна "Ён не можа жыць без космаса" Канстанціна Бранзіта, у намінацыі "Найлепшы дакументальны фільм" — "Акварэль" Віктара Красоўскага.

92-я цырымонія ўручэння ўзнагарод прэміі "Оскар" пройдзе 9 лютага 2020 года ў Лос-Анджэлесе.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі