ЦВК адмовілася ад працэдуры здачы подпісаў, прапанаванай штабам Бабарыкі

16/06/2020 - 06:35

Цэнтрвыбаркам адмовіўся ад працэдуры здачы падпісных лістоў, якую прапанаваў штаб Віктара Бабарыкі

Штаб прэтэндэнта на прэзідэнцкую пасаду заўважыў, што ў выбаркамах падпісныя лісты прымаюць, запісваючы ў журнал іх колькасць. Пры гэтым журнал можа быць зроблены са звычайнага сшытка з непрашытымі і непранумараванымі аркушамі. 

Каманда Бабарыкі вырашыла пераканацца, што камісія будзе правяраць менавіта тыя лісты, якія здаў каардынатар, і парадак адбору лістоў будзе такі, як паказана ў пратаколе камісіі. Таму яны падрыхтавалі праграму, якая рыхтуе суправаджальныя лісты, дзе прапісана, якія прозвішчы змяшчаюцца ў падпісных лістах і які парадак размяшчэння падпісных лістоў.

Аднак ЦВК адпрэчыла прапанову: "Так званыя "суправаджальныя лісты", якія рыхтуюцца камандай для здачы разам з падпіснымі лістамі і ўтрымліваюць прозвішчы выбаршчыкаў з гэтых лістоў і нумарацыю падпісных лістоў, не маюць ні прававога, ні фактычнага значэння".

У заяве Цэнтрвыбаркаму падкрэсліваецца, што працэдура прыёму падпісных лістоў прадугледжаная ў дапаможніку для тэрытарыяльных камісій, зацверджаным пастановай ЦВК ад 20 красавіка 2020 года №7.

Прыём і пералічэнне здадзеных падпісных лістоў адбываецца ў прысутнасці каардынатара ініцыятыўнай групы, які здае гэтыя лісты. Дата прыёму падпісных лістоў і іх колькасць завяраюцца асабістымі подпісамі як члена тэрытарыяльнага выбаркаму, які прыняў падпісныя лісты, так і каардынатара. Яны распісваюцца ў журнале рэгістрацыі ўваходных дакументаў камісіі.

Каардынатар ініцыятыўнай групы мае права сфатаграфаваць старонку журнала са згаданымі звесткамі. 

"Вышэйназваная працэдура ў адрозненне ад прапанаванай камандай Бабарыкі В.Д. гарантуе поўную захаванасць здадзеных у камісіі падпісных лістоў", — запэўніваюць у ЦВК.

Цэнтрвыбаркам рэкамендуе камандзе Бабарыкі не перапісваць у суправаджальныя лісты прозвішчы выбарцаў, а рабіць копіі здадзеных падпісных лістоў. Самі суправаджальныя лісты выбаркамы будуць пакідаць без увагі. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі