Ціханоўская і Калеснікава не плануюць ад'езд з Беларусі

09/08/2020 - 14:58

Кандыдатка ў прэзідэнты Святлана Ціханоўская і прадстаўніца яе штаба Марыя Калеснікава не плануюць ад'язджаць з Беларусі. Пра гэта яны заявілі пасля ад'езду Веранікі Цапкала.

Як патлумачыла Калеснікава, пра ад'езд Веранікі яны даведаліся дзве гадзіны таму. "У нас ёсць інфармацыя: Вераніка дзве гадзіны таму напісала, што яна ў Маскве, яна там плануе прагаласаваць. Мы лічым, што кожны сам выбірае спосаб, як засцерагчы сябе і сваю сям'ю, мы паважаем яе права", — прыводзіць TUT.by словы Калеснікавай.

На пытанне журналістаў, ці ёсць верагоднасць яе ад'езду з Беларусі, Калеснікава адказала адмоўна. Святлана Ціханоўская на такое ж пытанне сказала: "Пакуль не планую".

9 жніўня стала вядома пра ад'езд з краіны Веранікі Цапкала. Яе муж Валерый Цапкала пакінуў Беларусь раней разам з іх двума сынамі.

У Святланы Ціханоўскай дзеці таксама знаходзяцца па-за межамі краіны. Паведамлялася, што яны — у адной з краінаў Еўрасаюза.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі