Без намёкаў. Як Чэрчыль перад Кангрэсам ЗША выступаў

23/12/2022 - 14:40
Гэта экcкурс у cусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснасцю выпадковыя / калаж Улада Рубанав

Падчас вайны лідар краіны наведаў ЗША, дзе выступіў з гістарычнай прамовай.

Еўрарадыё ў рубрыцы “Без намёкаў” узгадвае, як у 1941-м Уінстан Чэрчыль выступіў перад Кангрэсам ЗША. Гэта экcкурс у cусветную гісторыю — усе паралелі з сучаснасцю выпадковыя.

Брытанскі прэм'ер прыбыў у ЗША у снежні 1941 года, калі вайна дакацілася і да амерыканцаў. За тры тыдні да гэтага Японія атакавала амерыканскую ваенна-марскую базу ў Пэрл-Харбары і вывела са строю значную частку Ціхаакіянскага флоту ЗША. Пасля гэтага Амерыка са спазненнем на два гады ўсё-такі ўступіла ў Другую сусветную вайну.

Чэрчыль амаль тры тыдні правёў у гасцях у амерыканскага прэзідэнта ў Белым доме. Галоўнай задачай брытанскага прэм’ера было пераканаць амерыканскі ўрад, што на той момант першараднае значэнне мелі разгром нацысцкай Германіі і вызваленне Еўропы, а не вядзенне баявых дзеянняў супраць Японіі ў Ціхаакіянскім рэгіёне. На наступны дзень пасля Калядаў Чэрчыль атрымаў запрашэнне прыняць удзел у сумесным пасяджэнні Кангрэса Злучаных Штатаў.

Пасля гарачых прывітанняў Чэрчыль узышоў на кафедру, адкуль выступіў з адной з самых важных прамоў у сваёй палітычнай кар'еры.

Прэм'ер гаварыў аб сяброўстве паміж дзвюма краінамі, аб цесных сувязях і падабенстве культуры дзвюх сусветных дзяржаў, а потым паступова перайшоў да больш надзённых і сумных тэмаў.

"Упэўнены, што вы ў поўнай меры ўсведамляеце, што і вам, і нам яшчэ трэба будзе прайсці праз суровыя выпрабаванні. Сілы, якія супрацьстаяць нам, вялікія. Яны азлобленыя, яны бязлітасныя", — адзначыў ён.

"Нягоднікі і іх памагатыя, якія накіравалі свае народы на шлях вайны, ведаюць, што ім пагражае жудасная адплата, калі яны сілай зброі не змогуць перамагчы народы, на якія яны напалі. І яны не спыняцца ні перад чым. Яны назапасілі вялікую колькасць зброі ўсіх відаў, у іх ёсць добра навучаныя і дысцыплінаваныя салдаты, маракі і лётчыкі. У іх ёсць даўно прадуманыя і вынашаныя планы. І яны не спыняцца ні перад чым, што б ні падказвала ім іх схільнасць да гвалту і вераломства".

Тым не менш Чэрчыль выказаў аптымізм, што з дапамогай ЗША саюзнікі змогуць у найбліжэйшыя тры гады змяніць ход падзей. І гэта аказалася праўдай!

"Яны не разумеюць, што мы не перастанем супраціўляцца да таго часу, пакуль не дадзім ім урок, на які яны, ды і ўвесь свет, ніколі не забудуцца”, — падкрэсліў Чэрчыль пад бурныя апладысменты.

"Мы стаім разам, абараняючы ўсё, што дорага свабодным людзям", - завяршыў свой выступ брытанскі прэм'ер.

Менавіта падчас яго Чэрчыль упершыню падняў два пальцы ў выглядзе літары V — “Вікторыя! Перамога!”. Жэст пасля стаў фірмовым для прэм'ер-міністра.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі