Беларусы Амерыкі адзначылі 65-годдзе выхаду газеты “Беларус” (фота)

26/10/2015 - 03:47

Беларуская грамада Амерыкі адзначыла 65-ю гадавіну выхаду газеты "Беларус". За гэты час выйшло 616 нумароў легендарнага эміграцыйнага выдання. Яго рэдактарамі ў розныя часы былі такія дзеячы эміграцыі, як Леанід Галяк, Лявон Савёнак, Міхась Міцкевіч (родны брат Якуба Коласа), паэтка Наталля Арсеннева, Вітаўт Тумаш, Станіслаў Станкевіч, Янка Запруднік, Зора Кіпель, Марат Клакоцкі ды іншыя.  

Са святам газету павіншавалі старшыня БНР Івонка Сурвіла, Згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”, беларусы Канады, Аўстраліі. Як сказала цяперашняя рэдактарка газеты Ганна Сурмач, ліст з віншаваннем прыйшоў нават з акупаванага Крыма.

Ганаровым госцем урачыстасцяў быў славуты беларускі эміграцыйны дзеяч Вітаў Кіпель. Па яго словах, газета “Беларус” следам за газетай “Бацькаўшчына”, якая выходзіла ў Нямеччыне, дапамагла аб’яднаць беларускую эміграцыю. Унікальнасць выдання, адзначыў Кіпель, у тым, што газета ўвесь час выходзіць на ахвяраванні грамадскасці. Дарэчы, сям’я Кіпеляў ахвяравала на патрэбы выдання 1000 долараў.

Яшчэ адным падарункам стала вестка, што ўніверсітэцкая Аляксандраўская бібліятэка ў Нью-Джэрсі прапанавала аблічбаваць усе нумары “Беларуса”. Так што газета стане даступнай у інтэрнэце.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі