Беларус расказвае пра надвор'е так, што яго сацсеткі чытаюць тысячы людзей

01/09/2023 - 15:16

Інтэрв'ю з твітарчуком "Близкий космос" / калаж Улада Рубанава / Еўрарадыё

У байнэце ёсць адно-адзінае кам'юніці, якое аб'ядноўвае аматараў сачыць за надвор'ем. "Эратычненька", — каментуюць там фатаграфію сонечнага дыска ў тэлескоп. І кожную раніцу дзеляцца здымкамі надвор'я за акном — і скрыншотамі тэмпературных карт.

Аўтар твітар-акаўнта "Блізкі космас" (і яго ж тэлеграм-канал) ужо шмат гадоў простай мовай распавядае беларусам, што адбываецца ў небе ў іх над галавой. А беларусы ў каментарах скардзяцца на дождж, на спёку і на іншых беларусаў, якія скардзяцца на надвор'е.

Еўрарадыё распытала аўтара канала, як гэта наогул магчыма — стварыць кам'юніці вакол надвор'я.

 

"То суха, то вільготна, то ветрана, то душна"

— Беларусы хоць раз былі задаволеныя надвор'ем?

— Ніколі не былі задаволеныя. Паглядзіце ў чат канала. Бурчэць на надвор'е — гэта, напэўна, нацыянальная рыса. То занадта горача, то халодна, то суха, то трохі вільготна, то ветрана, то душна.

— Як перастаць скардзіцца на надвор'е і палюбіць яго?

— У мяне ўсё пачалося з войска. Прызвалі і вызначылі ў метэаролагі. Служыў у метэабюро пры штабе ВПС, куды сцякалася шмат рознай метэаралагічнай інфармацыі: з метэастанцый, са спадарожнікаў, з метэаралагічных радыёлакатараў.

Там я і атрымаў уяўленне аб працы сіноптыка. Глядзеў, як сіноптык апрацоўвае і аналізуе матэрыял, робіць прагноз і адстойвае на брыфінгу сваё меркаванне перад калегамі. Мне спадабалася.

Потым, ужо працуючы ў Гідраметцэнтры, атрымаў профільную адукацыю ў Санкт-Пецярбургу. Тэма надвор'я да гэтага часу мне цікавая, хоць працую я цяпер у зусім у іншай сферы.

Тое, пра што я пішу ў сваім канале — гэта мой аналіз умоў надвор'я ў нашым рэгіёне. Прычым я асвятляю толькі найбольш цікавыя, з майго пункту гледжання, асаблівасці сінаптычнай сітуацыі.

Я не меркаваў, што мае пасты ў сацсетках выклічуць нейкую цікавасць. Магчыма яны цікавыя таму, што я іх пішу як быццам для сябе, падмацоўваючы іх зразумелай, зробленай сваімі рукамі інфаграфікай. У допісаў няма выразнай перыядычнасці, пэўнага фармату, што, відаць, і робіць іх менш фармальнымі і сумнымі.

Мае падпісчыкі — пераважна звычайныя жыхары з розных куткоў Беларусі. Тыя, хто цікавіцца надвор'ем крыху больш, чым звычайна, для каго надвор'е — гэта не проста тэмпература за акном.

Ці ёсць сярод падпісчыкаў сіноптыкі? Дакладна не ведаю. Мяркуючы па каментарах у чаце, магу выказаць здагадку, што некаторыя з падпісчыкаў маюць профільную адукацыю альбо працуюць у сферы метэаралогіі. І былыя супрацоўнікі Гідраметцэнтра, якім, як і мне, давялося змяніць сферу дзейнасці, а цікавасць да надвор'я засталася.

— Большасць беларусаў планы на дзень пачынаюць з сайта Гідраметцэнтра. А адкуль бераце інфармацыю пра надвор'е вы?

— Паколькі я не займаюся тэмай прафесійна, асаблівага інструментарыю мне не трэба. Усё ёсць у інтэрнэце.

Напрыклад, сайты з мадэльнымі прагнозамі і дадзенымі ІСВ — windy.com, wxcharts.com, ecmwf.int. Сайт pogoda.by з метэарадарамі, сайты dwd.de і metoffice.gov.uk — з прыземным аналізам, spaceweather.com — сайт з касмічным надвор'ем, сайт copernicus.eu - з аналізам па клімаце. А яшчэ твітар і спецыялізаваныя тэлеграм-каналы. Плюс планшэт і пяро для малявання.

— Вашы прагнозы дакладнейшыя, чым у Гідраметцэнтра?

— Я прагнозы не складаю, гэта важна. Для гэтага ёсць Гідраметцэнтр.

Калі ў нашым рэгіёне вызначаюцца якія-небудзь цікавыя працэсы, напрыклад, паступленне паветраных мас з экстрэмальнымі тэмпературамі або выхад асабліва дажджлівага цыклону, то я стараюся рабіць больш падрабязны разбор асаблівасцяў цыркуляцыі атмасферы і больш пільна сачыць за развіццём падзей. Гэта дае маім падпісчыкам магчымасць загадзя скласці сваё меркаванне аб чаканых умовах надвор'я.

Але чаму так складана спрагназаваць дождж?! / pixabay

Вядома, не ўсё так ужо безнадзейна. Маючы дадзеныя з сеткі метэастанцый, метэарадараў і спадарожнікаў, можна надзейна прадказаць час пачатку і інтэнсіўнасць ападкаў за 1–3, часам нават за 6 гадзін.

— А беларускае надвор'е — гэта ўвогуле цікавая з'ява? Якія рэгіёны ў нас самыя цікавыя?

— У Беларусі даволі аднастайнае надвор'е, вылучыць нейкі рэгіён складана. У краіне няма ні гор, ні мораў, ні буйных унутраных вадаёмаў, якія ўплываюць на надвор'е. Звычайна самае халоднае месца ў краіне на поўначы, а самае цёплае на поўдні.

У мінулым сезоне вызначылася Гродзенская вобласць. Ім не пашанцавала. Выпала нейкая неймаверная колькасць ападкаў. Сёлета — Віцебская, тут не было дажджоў, калі я правільна памятаю, месяца паўтара.

Фішкі ў гарадах? У Мінску, напрыклад, пры паўднёвым ці паўднёва-ўсходнім ветры пачынае адчувацца непрыемны пах з гарадскіх ачышчальных збудаванняў.

 

Што насамрэч хочуць сказаць сіноптыкі

— Часам слухаеш прагноз — і нічога незразумела. Якія словы трэба ведаць, каб разумець, што там наогул адбываецца ў атмасферы?

— Напрыклад фраза "вецер слабы, пры навальніцы моцны парывісты" часта выклікае неразуменне. Хоць усё проста — "вецер да 5 м/с, парывамі пры навальніцы звыш 15 м/с".

Яшчэ прыклад: "раніцай месцамі туман" азначае, што туман чакаецца з 5 да 10 гадзін раніцы і не больш, чым на 1/3 часткі якой-небудзь тэрыторыі.

Прагнозам не хапае візуалізацыі. Магчыма таму мой канал і карыстаецца папулярнасцю. Бо я спрабую растлумачыць працэсы, якія адбываюцца на мапах, дзе стрэлачкамі паказваю рух паветраных мас, атмасферных франтоў, і іншыя асаблівасці цыркуляцыі атмасферы.

Але агулам, калі хочацца разабрацца ў тэрміналогіі, то трэба добра праштудзіраваць ТКП.

— Нядаўна вы пісалі ў Твітары, што своечасова з'ехалі з Грэцыі. Вы з'ехалі своечасова, бо сочыце за надвор'ем і змаглі спрагназаваць развіццё падзей?

— Я з'ехаў з Грэцыі, бо падышоў да канца тэрмін нашага знаходжання. Аднак за абстаноўкай я ўсё ж такі назіраў: у той час у Грэцыі пачаліся першыя пажары ў экасістэмах, выкліканыя доўгім перыядам высокіх тэмператур і засухай. Я пільна сачыў за кірункам і хуткасцю ветру.

— Дарэчы: якім будзе верасень у Беларусі?

— Як я ўжо казаў раней, прагнозамі я не займаюся. Доўгатэрміновыя я перадрукоўваю з сайта, які размяшчае прагнозы на дэкаду, месяц і сезон па колькаснай кліматычнай мадэлі the NCEP Climate Forecast System Version 2 або CFSv2.

Сістэма мадэлявання распрацавана ў NOAA — Нацыянальным кіраванні па даследаванні акіянаў і атмасферы, ЗША. Для параўнання з CFSv2 публікую часам вынікі мадэлявання з ECMWF — Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў.

Калі вам цікава, то верасень 2023 чакаецца больш цёплым, на 1.5–2° вышэй за кліматычную норму, а з ападкамі павінна быць як звычайна, можа крыху больш вільготна будзе па поўначы Беларусі. А ў цэнтры краіны нават крыху менш, чым звычайна.

To see this content visit the full version of this page.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі