Аўтар інтэрв'ю з нацыстамі: сапраўднымі ахвярамі яны лічылі сябе

14/03/2022 - 10:05
Аргенцінскі журналіст Укі Гоні / Укі Чэйзінг

Аўтар кнігі пра ўцёкі нацысцкіх злачынцаў у Аргенціну пісьменнік Укі Гоні расказаў пра свой досвед інтэрв'ю з нацыстамі. Паводле яго слоў, сапраўднымі ахвярамі яны лічылі сябе, а не людзей, якіх забівалі. А іх сапраўднай мэтай было, каб іншыя людзі рабіліся жорсткімі.

"Усе гэтыя забойцы лічылі сябе ахвярамі <...> сусветнага яўрэйства, бязбожнага марксізму. Яны, а не людзі, якіх яны забілі, былі сапраўднымі ахвярамі гісторыі, так казалі мне ўсе без выключэння. Гэтая самаабвешчаная ахвярнасць дала ім магчымасць здзейсніць масавае забойства", — напісаў Укі Гоні ў сваім твітар-акаўнце.

Гоні інтэрв'юяваў сапраўдных нацыстаў, у тым ліку асабістых памочнікаў Іаахіма фон Рыбентропа і Ёзэфа Гебельса, а таксама супрацоўнікаў рэйхсканцэлярыі. Сярод іншых герояў яго інтэрв'ю — афіцэры ваеннай дыктатуры ў Аргенціне 1970–80-х гадоў.

Па словах Гоні, героі яго інтэрв'ю прыпісвалі "ўяўную ўладу" бяскрыўдным групам людзей. Тым самым яны задавальнялі сваю патрэбу адчуваць сябе пакрыўджанымі, пры гэтым не падводзячы сябе пад рэальную небяспеку і не становячыся рэальнымі ахвярамі.

"Не звяртаючы ўвагі на пакуты, якія яны прычынялі іншым, абароненыя ўнутры сваёй "віктымнай" бурбалкі, гэтыя магутныя людзі — нязменна мужчыны — наносілі ўдары па безабаронных групах, якія, як яны сцвярджалі, пагражалі іх існаванню", — рэзюмуе пісьменнік.

Правёўшы шэраг інтэрв'ю з нацысцкімі злачынцамі, Укі Гоні прыйшоў да высновы: мэтай іх бесчалавечных злачынстваў было, каб іншыя людзі рабіліся жорсткімі. Менавіта гэта прыносіла ім задавальненне.

Гоні кажа, што спробы Расіі пераканаць свет у тым, што гэта расіяне сапраўдныя ахвяры агрэсіі, крыху падобныя з гэтымі псіхалагічнымі прыёмамі ягоных суразмоўнікаў.

Падводзячы вынік шматлікім інтэрв'ю, Гані рэзюмуе: разбурэнні і беды, якія яны прычынілі, былі вычварным маленнем аб дапамозе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі