Астаповіч: Будоўлю у Курапатах трэба спыняць, нават гатовыя аб’екты замарожваюць

28/02/2017 - 14:37

Дзявяты дзень каля урочышча “Курапаты”, дзе былі растраляныя дзясяткі тысяч людзей ідуць пратэсты супраць будоўлі. Чаму будаўніцтва пяціпавярховага офіснага цэнтра незаконнае, расказвае кіраўнік Дабраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астпаовіч.

Слухаць размову цалкам можна тут:

Еўрарадыё: Што канкрэтна парушана падчас гэтай будоўлі?

Антон Астаповіч: Самой гісторыка-культурнай каштоўнасці нічога не пагражае. Пытанне ў парушэнні працэдуры землевылучэння пад гэты інвестпраект. У 2004 годзе былі зацверджаныя ахоўныя зоны Курапат. Новыя ахоўныя зоны былі зацверджаныя ў 2014 годзе. На 2013 год зямельны участак, дзе цяпер будоўля, уваходзіў у зоны аховы. Нягледзячы на гэта быў падрыхтаваны горадабудаўнічы пашпарт на гэтую тэрыторыю і яна была рэалізаваная з аукцыёна. А ў 2014 годзе быў распрацаваны праект. Праекта дэтальнага планіравання тады яшчэ не існавала. Ніхто не звяртаўся ў Міністэрства культуры па ўзгадненне праекта. І нягледзячы на гэта праект атрымоўвае станоўчае заключэнне Дзяржбудэкспертызы. Паўстае пытанне, чаму ўсё гэта адбылося і чаму адказныя чыноўнікі рэалізавалі гэты ўчастак, дазволілі праектаванне.

Еўрарадыё: Вы звярталіся ў КДБ, навошта?

Антон Астаповіч: Мы звярталіся ў Генпракуратуру і, з больш пашыраным лістом, у КДБ. У КДБ ёсць упраўленне па барацьбе з карупцыяй, а там прасочваюцца прыкметы. Звярнуліся таксама ў Рэспубліканскую будаўнічую экспертызу з просьбай ануляваць станоўчае заключэнне па праекту. Цяпер ужо ідзе праца ў Мінгарвыканкаме па разглядзе гэтых пытанняў.

Еўрарадыё: На вашу думку будоўлю мусяць спыніць?

Антон Астаповіч: Мы з калегамі прааналізавалі ўсе дакументы і, на наш погляд, будоўля адназнача мусіць быць спыненая.

Еўрарадыё: Як часта будоўлі спыняюць і прыслухоўваюцца, калі ёсць парушэнні?

Антон Астаповіч: Сітуацыі, калі парушаюцца працэдуры і здараюцца інтэрвенцыі ў ахоўную зоны частыя. Ёсць прыклады, калі прыслухоўваюцца да аргументаў. Цяпер цэлы шэраг аб’ектаў, якія стаяць у замарожаным стане. Нават зробленыя будынкі не могуць увесці ў эксплуатацыю.

Вельмі часта грамадства рэагуе ў апошнюю чаргу, калі ўжо прынятыя ўсе рашэнні, калі адкаціць працэс назад немагчыма. А потым пачынаецца нервовая рэакцыя, калі праект ужо рэалізоўваецца. Той жа праект у Курапатах разглядаўся на грамадскім абмеркаванні ў 2016 годзе.

Еўрарадыё: Адкуль чалавеку пра гэтыя абмеркаванні даведацца?

Антон Астаповіч: Інфармацыю даюць у прэсе, звычайна гэта гарадская газета. І абавязкова абвестка і ўмовы абмеркавання вывешваюцца на сайце мясцовай адміністрацыі.

Еўрарадыё: Як чалавек можа паўплываць на грамадскім абмеркаванні на нешта?

Антон Астаповіч: Народ прыходзіць туды, выплёсквае эмоцыі і на гэтым усё супакойваецца. Але гэта нават не фіксуецца ў пратакол. Па законе трэба падаваць прапановы ў пісьмовым выглядзе. Не разглядаюцца прапановы, якія грунтуюцца на эмоцыях. Пазіцыя павінна быць абгрунтаванай спасылкамі на заканадаўства і нарматывы. Трэба працаваць з нарматыўнай базай. Мы намагаемся гэта рабіць, вывучаем нарматызную базу пад кожны аб’ект.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі