Андрэй Стась атрымаў расійскае грамадзянства і перайшоў у омскі "Авангард"

07/07/2017 - 12:00

Беларускі хакейны форвард Андрэй Стась перайшоў з мінскага "Дынама" ў омскі "Авангард". А каб не парушаць нормы Кантынентальнай хакейнай лігі па колькасці легіянераў, беларус атрымаў расійскае грамадзянства.

"Стась не з'яўляецца для "Авангарда" шостым легіянерам, — распавядае генеральны менеджар "Авангарда" Віктар Шалаеў. — У нас ёсць пацвярджэнне з Федэрацыі хакея Расіі: Стась афіцыйна атрымаў расійскае грамадзянства, у тым ліку і спартовае. 

Цяпер у лініі атакі нашай каманды вельмі сур'ёзная канкурэнцыя, а гэта заўсёды ідзе толькі на карысць якасці працы.

Андрэй дасведчаны майстар, яго гульнявыя якасці і характар ​​абавязкова дапамогуць "Авангарду". Ён ужо прыступіў да трэніровак, а на пачатку наступнага тыдня выйдзе на лёд разам з камандай".

У "Авангардзе" Андрэй Стась будзе выступаць пад нумарам 23, як і ў мінскім "Дынама". Кантракт разлічаны на тры гады.

На апошнім чэмпіянаце свету Стась быў капітанам зборнай Беларусі. Што праўда, ён зможа гуляць за беларусаў і далей, пакуль будзе захоўваць беларускае грамадзянства і не пачне гуляць за зборную Расіі.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі