7 прычын, па якіх постсавецкія краіны захоўваюць прызыўную армію

14/04/2017 - 13:46
Постсавецкія краіны ўпарта захоўваюць абавязковую вайсковую службу

Кожную вясну тысячы навабранцаў папаўняюць шэрагі ўзброеных сіл незалежных дзяржаў, якія ўваходзілі калісьці ў СССР. За мінулыя 25 гадоў арміі былых саюзнікаў Савецкага Саюза ў Еўропе сталі прафесійнымі. Здавалася б, лагічны крок: сучасная вайна патрабуе ад войска не франтальнага супрацьстаяння праціўніку, а рашэння лакальных задач, да чаго мабільныя добра навучаныя войскі прыстасаваныя лепш. Акрамя таго, дэмаграфічныя праблемы ў Еўропе, у тым ліку, Усходняй, ствараюць праблемы для прызыўной арміі ― моладзі не хапае.

Аднак большасць былых савецкіх рэспублік не змаглі цалкам адмовіцца ад вайсковай павіннасці. Абавязковая служба ў войску захоўваецца і ў некаторых еўрапейскіх краінах, напрыклад, Нарвегіі, Фінляндыі, Грэцыі. У межах праекта рускамоўнай "Медиасеткі" мы прааналізавалі досвед Азербайджана, Беларусі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Малдовы, Расіі, Украіны і Эстоніі і знайшлі сем прычын таго, чаму прызыў да гэтага часу існуе.

Вучэнні ў эстонскай арміі. Фота: Данііл Жылінскі, “Новая газета ― Балтыя”

1. Таннасць прызыўнікоў

Чыноўнікі кажуць: плаціць годнае грашовае забеспячэнне прафесіяналам для дзяржавы даражэй, чым за год-два тэрміновай службы навучыць прызыўнікоў абыходзіцца са зброяй, а пасля замяніць іх іншымі. Але "танныя" садлдаты тэрміновай службы яшчэ не сапраўдная армія. Напрыклад, у Грузіі, піша Jam News ў матэрыяле "Абарона радзімы або бясплатная ахова?", толькі кожны чацвёрты навабранец трапляе ва ўзброеныя сілы, і пасля па большай частцы займаецца аховай прыватных аб'ектаў за 75 лары (30 долараў) за месяц. Прафесійныя ж вайскоўцы ў Грузіі атрымліваюць каля 400 долараў. Дарэчы, ваенная кар'ера лічыцца ў Грузіі прэстыжнай, грузінскія кантрактнікі ўдзельнічаюць у аперацыях НАТА (пра тое, як гэта адбываецца ― у матэрыяле Каўказскага вузла).

Пры гэтым, утрыманне 37-тысячнага паўпрызыўнога войска абыходзіцца Грузіі ў 88 долараў за год на душу насельніцтва (па падліках Стакгольмскага інстытута даследавання праблем міру), а Сербія траціць на такія ж па колькасці, але цалкам прафесійныя узброеныя сілы 101 долар у пераліку на чалавека. Супастаўныя лічбы.

 

Малдова, збройны макет. Фота: Ziarul de Garda

2. Расходы на мадэрнізацыю

Падняць ваенным зарплату мала ― дзяржаве прыйдзецца укладваць больш у мадэрнізацыю ўзбраеньняў, больш эфектыўна распараджацца грашыма і, нарэшце, скарачаць колькасць узброеных сіл і вырашаць звязаныя з гэтым сацыяльныя праблемы. Здаецца, што краіне, асабліва з нестабільнай эканомікай, прафесійнае войска проста не па кішэні.

Так казалі і ў Польшчы. Пасля распаду Варшаўскага дагавора ў 1991 годзе польская армія налічвала 450 тыс чалавек. За чвэрць стагоддзя Польшча скараціла колькасць вайскоўцаў у чатыры разы і да 2010 года цалкам адмовілася ад прызыву. Дарэчы, на момант пераходу да прафесійнага прынцыпу фарміравання ўзброеных сіл Польшча выдаткоўвала на войска 1.95% ВУП, але палова сродкаў, як пісалі СМІ, ішла на ўтрыманне персаналу і выплату пенсій. Прыкладна столькі ж Польшча выдаткоўвала на войска ажно да 2014 года.

Да чаго прыводзіць адкладванне рэформаў і неэфектыўнае кіраванне, распавядае Ziarul de Garda ў артыкуле "Армія Малдовы: змрочныя лічбы і дзяржаўная таямніца". Малдова ― адна з найменш мілітазаваных краін у рэгіёне (яна выдаткоўвае на абарону ўсяго 0.4% ВУП ― як Люксембург, паводле дадзеных Сусветнага банка), нягледзячы на суседства з непрызнаным Прыднястроўем, дзе размяшчаецца расійскі кантынгент. Але выдаткі ваеннага ведамства кантралююцца слаба, баяздольнасць малдоўскай арміі зніжаецца, і людзі з яе сыходзяць.

Малдова, вучэнні ў ваеннай акадэміі. Фота: Ziarul de Garda

3. Знешняя пагроза

У выпадку пагрозы з боку заведама больш моцнага суперніка прафесійнай арміі можа аказацца мала для абароны краіны. Напрыклад, да пачатку "жнівеньскай вайны" 2008 года расійскія ўзброеныя сілы налічвалі 1,2 млн чалавек, а грузинские ― крыху больш за 30 тыс. Такімі ж аргументамі кіравалася і Украіна. У 2013 годзе яна прыпыніла прызыў, але ў 2014, пасля анексіі Крыма Расіяй, вярнулася да гэтай практыкі, ды яшчэ і аб'явіла мабілізацыю рэзервістаў. Але хоць на тэрыторыі Украіны ідуць актыўныя баявыя дзеянні, прызыўнікі не разглядаюцца як касцяк ўкраінскай арміі. Як піша ўкраінскі сайт “Грамадскае” ў артыкуле "Тры кіты ўкраінскай арміі", Генштаб лічыць галоўнай задачай тэрміновай службы стварыць баяздольны рэзерв і даць маладым людзям ўяўленне пра армію, каб, магчыма, пераканаць іх стаць прафесійнымі вайскоўцамі.

Расійская пагроза наогул прымусіла краіны рэгіёна па-новаму зірнуць на праблему. У гэтым годзе Швецыя часткова вырашыла вярнуць прызыў, ад якога адмовілася сем гадоў таму. Літва, удзельнік НАТО, зрабіла гэта яшчэ ў 2015-ым. У Латвіі таксама папулярная ідэя аднавіць вайсковую павіннасць, але пакуль ваенная служба ў Латвіі застаецца добраахвотнай, піша “Новая газета ― Балтыя” ў аглядным матэрыяле пра стан армій краін Балтыі "У адзін шэраг ― станавіся!"

Тым не менш, вялікая армія ― не значыць эфектыўная. Штуршок ваеннай рэформе ў Расіі дала грузінская кампанія 2008 года: па яе выніках, піша расійскі часопіс "Власть" са спасылкай на Генштаб УС РФ, высветлілася, што ва ўсёй арміі мелася ўсяго 17% злучэнняў і вайсковых часцей пастаяннай гатоўнасці. У выніку Расія паскорыла пераход да прафесійнай арміі, і ў 2015 годзе доля кантрактнікаў упершыню перавысіла колькасць прызыўнікоў.

Малдова, трэніроўка на плацы. Фота: Ziarul de Garda

4. Карупцыя ў войску

Калі закон абавязвае ўсё мужчынскае насельніцтва краіны траціць не менш за год на "аддачу доўгу радзіме", гэта не можа не стварыць глебу для злоўжыванняў. "Адхон" ад вайсковай службы спараджае карупцыйныя механізмы ў армейскай сістэме, з'яўляюцца асобы, фінансава зацікаўленыя ў захаванні статус-кво. Прызыўнік і яго бацькі становяцца крыніцай хабараў для членаў ваенных і медыцынскіх камісій.

Так, у мінулым годзе ў Расіі ўзнік гучны скандал ― у Санкт-Пецярбургу на гарадскім узроўні выявілася маштабная карупцыйная схема ўхілення ад прызыву. У інтэрв'ю "Новай газеце" эксперт Савета па правах чалавека пры прэзідэнце Расіі Сяргей Стрыльчанка распавядаў, што ў сярэднім хабары за фальшывыя дыягназы дасягаюць 150 тысяч рублёў (2,6 тыс долараў па цяперашнім курсе). А наогул "на кожны прызыў цана новая ― у залежнасці ад курсу долара".

Беяли Азізаў ― бацька салдата Азербайджанскай арміі Эльхана Азізава, які трагічна загінуў. Фота: Meydan TV

5. Інерцыя сістэмы

Армія, як і іншыя закрытыя дзяржаўныя сістэмы, наогул з цяжкасцю паддаецца рэфармаванню і супраціўляецца знешняму кантролю. Гэта тычыцца і прафесійнай арміі ― узгадаем скандал з амерыканскай ваеннай турмой Абу-Грэйб у Іраку, які ў 2004 годзе стаў здабыткам галоснасці дзякуючы прэсе. Але ва Усходняй Еўропе інстытуты грамадскага кантролю развітыя горш, дзяржава не заўсёды выступае на баку грамадства. Вынік ― нестатутныя адносіны ў арміі, дзедаўшчына, гібель салдат. Трагічныя выпадкі трапляюць у статыстыку небаявых страт. "Каўказскі вузел" прыводзіць лічбы Інстытута каспійскіх ваенных даследаванняў CDSI. У 2016 годзе, калі абвастрыўся канфлікт вакол Нагорнага Карабаха, Азербайджан страціў 147 чалавек, з іх 38 ― у небаявых умовах, Арменія ― 165 вайскоўцаў (небаявыя страты ― 53 чалавекі).

Meydan TV ў матэрыяле "Бацька салдата" распавядае трагічную гісторыю салдата азербайджанскай тэрміновай службы, які расстраляў камандзіраў і пакончыў з сабой. Яго сям'я не верыць афіцыйнай версіі і сцвярджае, што над іх сынам у частцы здзекаваліся. Але дамагчыся адкрытага расследавання не можа вось ужо сёмы год.

Вячаслаў Шупляк, член рэлігійнай абшчыны "Сведкі Іеговы", праходзіць альтэрнатыўную службу ў бальніцы. Фота: Еўрарадыё

6. Прызаў з “чалавечым тварам”

Пацыфісцкі рух 1960-70х гадоў дамогся з'яўлення варыянту службы ў войску для тых, чые каштоўнасці не дазваляюць ваяваць са зброяй у руках. Альтэрнатыва паступова стала звыклай. Напрыклад, Германія захоўвала абавязковы прызыў да 2011 года, але ў апошнія дзесяцігоддзі дзве траціны навабранцаў выбіралі альтэрнатыўную службу ― санітарамі ў бальніцах і дамах састарэлых, работнікамі ў службах выратавання. Іншымі словамі, салдатамі дзяржава запаўняла “сацыяльныя” вакансіі ― каля 80 тыс у год.

На постсавецкай прасторы “альтэрнатыва” пакуль прыжываецца з цяжкасцямі. У Беларусі першыя пяцьдзясят альтэрнатыўшчыкаў з'явіліся толькі гэтай зімой. Еўрарадыё пазнаёмілася з адным з іх ― Вячаслаў працуе ў бальніцы, па 10 гадзін, пяць дзён на тыдзень. А некаторыя кажуць ― лепш бы траншэі капаў!

Вучэнні ў эстонскай арміі. Фота: Данііл Жылінскі, “Новая газета ― Балтыя”

7. Гнуткасць

Нават такі састарэлы інстытут, як прызыўная армія, вымушаны адаптавацца да выклікаў часу. Вайсковы абавязак як адзіны спосаб фарміравання ўзброеных сіл знікае: нават там, дзе дзейнічае воінскі прызыў, войскі фармуюцца па змяшаным тыпе. Цікавы прыклад Эстоніі. Аднавіўшы незалежнасць у 1991 годзе, грамадства пагадзілася з тым, што адзіны спосаб забяспечыць бяспеку маленькай краіны ― выбудаваць сістэму абароны з удзелам большай часткі грамадзян, а не толькі вузкай праслойкі прафесійных вайскоўцаў. Але ваеннае ведамства, піша “Новая газета ― Балтыя”, выбіраючы навабранцаў, ўлічвае мноства фактараў ― ад фізічнай формы да асабістага жадання будучага салдата. Кожны патэнцыйны прызыўнік можа звярнуцца ў дэпартамент абаронных рэсурсаў і сказаць, які від службы і ў якім узросце ён хоча прайсці.

Над праектам у межах рускамоўнай "Медиасети" працавалі: Заза Абашыдзэ, Георгій Зедгинидзе, Дзімітрый Аваліані, Азіз Керымаў, Гюнель Іманава, Хаджы Хаджыеў, Віктар Мошняг, Анатоль Ешану, Вольга Булат, Фёдар Пракапчук, Надзія Апенька, Дар'я Сапранецкая, Арцём Мартыновіч, Віталь Ругайн, Вітольд Яніс, Марыя Кугель, Марыя Епіфанава, Максім Эрыставі, Наталля Маршалкович, Кім Варонін.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі