Чырвоны касцёл у Мінску падчас рамонту / фота з сацсетак
Вернікам не дазволілі памаліцца каля Чырвонага касцёла, каб ушанаваць памятную дату. Католікі хацелі 10 красавіка наведаць саркафаг Эдварда Вайніловіча, памаліцца і ўскласці кветкі. У гэтую дату споўніцца 10 гадоў з часу абвяшчэння фундатара касцёла Слугой Божым.
Сам касцёл цяпер зачынены на рэканструкцыю і агароджаны высокім плотам. Былы пробашч парафіі ксёндз Уладзіслаў Завальнюк звярнуўся да дырэктара дзяржпрадпрыемства "Мінская спадчына", у чыёй уласнасці знаходзіцца будынак. Ён прасіў дазволу трапіць да саркафага ў адзін з выходных дзён, калі працы не вядуцца.
Але, як заўважыў сайт katolik.life, Завальнюк атрымаў адмову, хаця і казаў, што просьба мае чыста духоўны і малітоўны характар дзеля ўшанавання памяці – без аніякай палітычнай афарбоўкі: "Ніхто не скажа, што я праводжу нейкую нездаровую агітацыю. Богава — Богу, а кесарава – кесару".
Кіраўнік "Мінскай спадчыны", як паведаміў Завальнюк, запэўніў, што праца выконваецца сумленна, і толькі пасля яе заканчэння магчыма будзе ўсё ацаніць і ўбачыць: "Прасіў прабачэння, што мы не можам падыйсці да саркафага і ўбачыць святыню — як праводзіцца рамонт. Я прыводзіў прыклады будаўніцтва і рамонта храмаў, калі духавенства прыходзіць у касках у суправаджэнні спецыялістаў — не пераканаў".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут