ЗША абвесцяць новыя санкцыі супраць Расіі

16/04/2018 - 08:50

ЗША у панядзелак, 16 красавіка маюць абвясціць пра новыя санкцыі супраць Расіі ў сувязі з тым, што Масква падтрымлівае рэжым Башара Асада. Пра гэта паведаміла сталы прадстаўнік ЗША ў ААН Нікі Хейлі.

Яна падкрэсліла, што санкцыі перадусім закрануць кампаніі, якія так ці іначай звязаныя з прэзідэнтам Асадам і выкарыстаннем хімічнай зброі.

“Асад ведаў, што яго падтрымлівае Расія, Асад ведаў, што Расія прыкрые яго ў ААН, і Асад паступіў безразважна, ён выкарыстаў яе (хімічную зброю) у яшчэ больш агрэсіўнай манеры. Мы павінны разумець, што мы не можам дапусціць нават невялікае выкарыстанне хімічнай зброі”, — заявіла Нікі Хейлі ў інтэрв’ю CBS.

Таксама яна абвергла інфармацыю, што прэзідэнт Дональд Трамп нібыта плануе вывесці амерыканскія войскі з Сірыі цягам шасці месяцаў. Пакуль ўлады ЗША не дасягнуць сваіх мэтаў, гэтага не адбудзецца, сказала Хэйлі. Сярод такіх мэтаў яна вылучыла паражэнне “Ісламскай дзяржавы” і гарантыю таго, што хімічная зброя не будзе выкарыстоўвацца на шкоду амерыканскім інтарэсам.

На пачатку красавіка Мінфін ЗША ўвёў санкцыі супраць 38 расійскіх бізнесменаў, афіцыйных асобаў і кампаніяў. У “чорны спіс” трапілі Алег Дэрыпаска, Кірыл Шамалаў і Віктар Вексельберг. Таксама пад санкцыі трапілі 17 буйных расійскіх чыноўнікаў, нагадвае ВВС.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі