Першы званок і пачатак навучальнага года ў адной з беларускіх школаў / LookByMedia
З новага навучальнага года беларускія школы пачалі збіраць інфармацыю пра пазашлюбных партнёраў (сужыцеляў) бацькоў сваіх навучэнцаў. Раней у анкетах, якія настаўнікі звычайна просяць бацькоў запоўніць, такая інфармацыя не запытвалася.
Пра гэта Еўрарадыё паведамілі чытачы і пацвердзілі настаўнікі беларускіх школ.
Мы распыталі сацыяльнага педагога сярэдняй школы і праваабаронцаў, навошта гэта інфармацыя спатрэбілася ўладам.
Для пачатку распавядзём, навошта гэтыя анкеты ўвогуле патрэбны.
Кожны год у школах запаўняюцца сацыяльна-педагагічныя пашпарты класаў. Каб іх запоўніць, класны кіраўнік павінен валодаць дастаткова поўнай інфармацыяй пра дзяцей і іх сем’і. У першую чаргу гэта звязана з бяспекай саміх дзяцей.
Менавіта бяспекай наша ананімная суразмоўніца, настаўніца адной з беларускіх школ, патлумачыла, чаму ў гэтым годзе пачала збірацца інфармацыя пра сужыцеляў.
“Ёсць такое паняцце, як сацыяльна небяспечнае становішча сям’і. У асноўным яно вызначаецца па некалькіх паказчыках. Напрыклад, калі бацькі злоўжываюць алкаголем, пакідаюць дзяцей без нагляду, ежы і неабходнага догляду альбо не аказваюць ім патрэбнай медыцынскай дапамогі.
Для нас важна ведаць, у якіх умовах жыве дзіця. Бывае, што ў сям’і здараюцца нейкія надзвычайныя сітуацыі, а школа проста не валодае неабходнай інфармацыяй.
Таму ад школы патрабуюць ведаць, у якіх умовах знаходзяцца дзеці і ці знаходзяцца яны ў бяспецы. На жаль, здараюцца пажары, гінуць людзі, адбываюцца самагубствы, гвалт, у тым ліку сексуальны. Таму школа павінна разумець, што адбываецца ў сям’і”, — тлумачыць суразмоўніца.
Яна не згодна з тым, што новая інфармацыя збіраецца для дадатковага кантролю над людзьмі.
“Асабіста ў мяне інфармацыю пра маю сям’ю ніхто ніколі не запытваў. Але насамрэч на розных узроўнях і так вядома вельмі шмат: дзе чалавек працуе, чым займаецца і гэтак далей. Тут жа мы збіраем інфармацыю менавіта для таго, каб разумець, ці бяспечна дзіцяці знаходзіцца ў сваёй сям’і”.
Па словах настаўніцы, запоўненыя анкеты захоўваюцца ў школе і нікуды далей не перадаюцца.
“У нас ёсць сацыяльныя пашпарты кожнага класа, яны захоўваюцца ў сацыяльнага педагога. Гэтыя анкеты нікуды не адпраўляюцца, у тым ліку ў міліцыю. Могуць прыехаць з праверкай і паглядзець, ці ёсць такія пашпарты і ці вядзецца гэтая праца, але самі анкеты застаюцца ў школе”.
Класныя кіраўнікі запаўняюць іх дастаткова падрабязна яшчэ і таму, што інфармацыя можа хутка мяняцца. Напрыклад, дзіця ўжо можа жыць па новым адрасе, а класны кіраўнік пра гэта не даведаецца, калі не будзе рэгулярна абнаўляць інфармацыю.
“Калі, напрыклад, дзіця загінула ў пажары або здзейсніла самагубства, пытанне ўзнікае і да школы: дзе вы былі, чаму не заўважылі праблему, чаму не адрэагавалі?
Цяпер вельмі распаўсюджаны выпадкі самакалечання. Хтосьці можа проста падрапаць сабе руку, а хтосьці можа нанесці сабе сур’ёзныя траўмы. Таму мы павінны разумець, што адбываецца з падлеткамі і чым яны цікавяцца, бо з нас потым спагоніць вышэйстаячае кіраўніцтва”.
Праваабаронцы пагаджаюцца, што рацыянальным тлумачэннем збору дадатковай інфармацыі можа быць атрыманне яшчэ аднаго кантакту з асобай у выпадку надзвычайнай сітуацыі са школьнікам.
Аднак яны не выключаць і варыянт, што новая графа можа сведчыць не столькі пра аб’ектыўную неабходнасць у гэтых звестках, колькі пра імкненне сістэмы адукацыі максімальна пашырыць аб’ём сабранай інфармацыі аб сем’ях навучэнцаў.
“Я бы тут глядзела ў бок рэгулявання збору і апрацоўкі персанальных дадзеных. У Беларусі з 2021 года дзейнічае Закон «Аб абароне персанальных дадзеных», ён патрабуе, каб збор і апрацоўка персанальных дадзеных ажыццяўляліся на законных падставах і для канкрэтнай, загадзя вызначанай мэты”, — кажа юрыстка праваабарончага цэнтра “Вясна” Святлана Галаўнёва.
Гэта значыць, школа павінна мець канкрэтнае абгрунтаванне, на якой законнай падставе і з якой мэтай яна збірае менавіта гэтыя звесткі. І бацькі, як законныя прадстаўнікі дзяцей, дадзеныя якіх збіраюцца, маюць права запатрабаваць такое абгрунтаванне ад адміністрацыі школы.
Школы ўбудаваны ў сістэму адукацыі, а раённыя аддзелы адукацыі бяруць на сябе і сацыяльную функцыю, выступаючы як органы апекі і папячыцельства.
“Іншымі словамі, органы адукацыі з дапамогай школ ажыццяўляюць пэўны кантроль за ўмовамі пражывання, выхавання і ўтрымання дзяцей у сем’ях. Такім чынам, збор дадзеных можа быць прадыктаваны неабходнасцю атрымання звестак аб фактычным сямейным і бытавым асяроддзі дзяцей для выяўлення патэнцыйнага дрэннага становішча”.
Аднак наяўнасць такой кампетэнцыі ў органаў адукацыі не азначае неабмежаванага права на прафілактычны збор любых звестак аб прыватным жыцці ўсіх сем’яў.
“Хоць дзяржава і мае права цікавіцца ўмовамі, у якіх жывуць і выхоўваюцца дзеці, але гэта аўтаматычна не дае права на збор звестак пра сужыцеля аднаго з бацькоў, асабліва калі гэты чалавек стала не жыве з дзіцем і не ўдзельнічае ў яго выхаванні”.
У любым выпадку Галаўнёва прапануе разглядаць бацькам дадзеную графу як неабавязковую, як магчымасць пры патрэбе пакінуць школе кантакты партнёра кагосьці з бацькоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут