Заўзятар, які выбег на поле ў матчы БАТЭ — “Нафтан”, заплаціў клубу

16/11/2017 - 08:51

Заўзятар, які выбег на поле ў матчы футбольнага чэмпіянату Беларусі БАТЭ — “Нафтан”, заплаціў клубу. Дзмітрый Смірноў кампенсаваў штраф, які быў накладзены Беларускай федэрацыяй футбола на барысаўчан. Гэта 70 базавых велічынь — 1610 рублёў.

Інцыдэнт адбыўся 28 кастрычніка. На 87-й хвіліне ў браму БАТЭ быў прызначаны пенальці, які госці рэалізавалі. Лік стаў 1:1. Пасля гэтага заўзятар і выбег на поле, але яго скруцілі і вывелі, з суддзёй “пагаварыць” ён не паспеў.

У размове з прэс-службай ФК БАТЭ Смірноў прызнаўся, што тады ён быў абураны прызначэннем несправядлівага пенальці, ім ”авалодалі эмоцыі”. Цяпер жа мужчына разумее, што зрабіў няправільны ўчынак. “Разумею, што дарослы чалавек павінен заўсёды адказваць за свае ўчынкі і прызнаваць памылкі, а не выкручвацца, — кажа заўзятар. — Таму пайшоў і выплаціў грошы, якія з-за мяне дасялося страціць клубу. Не думаю, што ў гэтым ёсць нешта асаблівае, проста паступіў як нармальны чалавек”.

Прэс-служба ФК БАТЭ адзначае, што ў гэтым выпадку клуб не будзе падаваць рэгрэсны іск да гэтага заўзятара. А вось справа заўзятара Аляксандра Вянгерскага, які выбягаў на поле з бел-чырвона-белым сцягам падчас матчу БАТЭ — “Арсенал” не закрытая. БАТЭ падаў дакументы ў суд Вілейскага раёна (раней клуб быў аштрафаваны на 5 тысяч еўра).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі