Самалёт "Белавія" / БЕЛТА
Скасоўваюцца чартарныя рэйсы ў Егіпет з Гомеля і Магілёва. Першапачаткова палёты ў Егіпет абвяшчаліся як круглагадзічныя. Але з раскладу гомельскага аэрапорта ўсе запланаваныя рэйсы ўжо зніклі. А з Магілёва апошні сёлета рэйс "Белавія" вылеціць 24 кастрычніка, назад турысты вернуцца ўжо ў Мінск. Яшчэ ўлетку былі скасаваныя авіярэйсы з Брэста ў Шарм-эль-Шэйх.
Па каментар журналісты выдання Onliner звярнуліся ў турыстычную кампанію "Інтэрсіці". Яе прадстаўнік пацвердзіў, што ўсе чартарныя рэйсы перанеслі ў Мінск. Патлумачылі гэта неабходнасцю забяспечыць бяспечнае і стабільнае выкананне рэйсаў.
"Пры планаванні палётнай праграмы на гэты перыяд улічваюцца асаблівасці зімовай навігацыі, метэаралагічныя ўмовы, а таксама абмежаванні на выкарыстанне асобных паветраных прастор і запасных аэрадромаў", — расказалі ў "Інтэрсіці". У кампаніі таксама паабяцалі, што ў летні сезон рэйсы вернуцца ў беларускія рэгіёны.
Цяпер турыстам прапануюць на выбар тры варыянты:
— ляцець у падарожжа з Нацыянальнага аэрапорта Мінск з поўным захаваннем першапачатковага кошту тура, улічваючы, што даты вылету не мяняюцца;
— адправіцца ў адпачынак у іншае месца ў рамках магчымых прапаноў тураператара;
— адмовіцца ад паездкі з поўным вяртаннем грошай у парадку, прадугледжаным беларускім заканадаўствам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут