Ганна Лукашэнка (Сялук) / АНТ
У верасні 2026 года Аляксандр Лукашэнка публічна заявіў, што яго сям'я не звязаная з рэкламным бізнесам: "Ужо дайшло да таго, аказваецца, гэта мая сям’я гэтым [рэкламай] займаецца".
Але выявілася, што вялікая доля рынку вонкавай рэкламы ў Беларусі кантралюецца кампаніяй яго нявесткі Ганны Лукашэнка (Сялук), пішуць журналісты-расследвальнікі "Бюро".
Звязаная з Ганнай Лукашэнка фірма "Крэатыўны код" нядаўна стала ўласніцай адной з буйных сетак вонкавай рэкламы ў Беларусі. На балансе "Крэатыўнага кода" цяпер лічацца амаль тры тысячы рэкламных канструкцый (буйнафарматных білбордаў, сіці-фарматаў і лічбавых экранаў) ва ўсёй Беларусі: 185 у Брэсце, 296 у Віцебску, 198 у Гомелі, 161 у Гродне, 229 у Магілёве і 1858 у Мінску.
Паводле звестак "Бюро", рынак вонкавай рэкламы ў Беларусі ў 2024 годзе ацэньваўся мінімум у 10 тысяч канструкцый. Агульны аб’ём рынку вонкавай рэкламы ў 2025 годзе склаў 27,1 мільёна рублёў (амаль 7,9 мільёна еўра).
Такім чынам, на долю "Крэатыўнага кода" прыпадае амаль траціна ўсяго рынку вонкавай рэкламы ў Беларусі.
З дзвюх не звязаных крыніц расследвальнікі даведаліся, што "Крэатыўнаму коду" адышлі плошчы кампаніі з чэшскім капіталам "Бігборд" — аднаго з буйных аператараў вонкавай рэкламы ў Беларусі.
Дарэчы, пры рэгістрацыі дамена сайта "Крэатыўнага кода" выкарыстоўвалася электронная пошта: pavel26187@mail.ru. Яна належыць Паўлу Чарнухіну, які мінімум з 2013 па 2024 гады працаваў у структурах "Бігборда".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут