За месяц золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 200 млн долараў

05/07/2019 - 08:54

За месяц золатавалютныя рэзервы Беларусі выраслі на 200,7 млн долараў ЗША альбо на 2,5%. На 1 ліпеня яны складалі амаль 8,3 млрд долараў (паводле папярэдніх дадзеных), паведамляе прэс-служба Нацыянальнага банку. У траўні ЗВР выраслі на $521,6 млн ці на 6,9%, а ў красавіку — на 322,7 млн долараў (4,5%), у сакавіку — на $150,5 млн ці на 2,1%, у лютым — на 77,5 млн долараў ці 1,1%. Такім чынам у мінулым месяцы тэмпы росту знізіліся.

Прырост золатавалютных рэзерваў Беларусі тлумачыцца павышэннем цаны золата на міжнародным рынку, продажам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце, паступленнем валюты ў бюджэт, у тым ліку і ад збірання экспартных пошлін на нафту і нафтапрадукты, купляй валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы. Таксама з ліпеня была актуалізаваная метадалогія разліку ЗВР, што абумовіла іх павелічэнне на 70 мільёнаў долараў.

Урад і Нацбанк выплацілі ў чэрвені каля 250 мільёнаў долараў па знешніх і ўнутраных пазыках (у папярэднім месяцы — каля 140 мільёнаў долараў).

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі