За гэтыя тры гады беларускія суды выносілі пастановы аб арыштах беларусаў за іх погляды больш за 13 тысяч разоў / pixabay.com
Праваабаронцы "Вясны" да гадавіны падзей 9 жніўня сабралі вынікі трохгадовых рэпрэсій, якія зладзіў супраць беларусаў рэжым Аляксандра Лукашэнкі. Вось толькі некалькі лічбаў, якія тычацца адміністрацыйнага пераследу беларусаў. За апошнія тры гады ў Беларусі па палітычных матывах былі затрыманыя не менш за 46 700 чалавек. І гэта відавочна заніжаная лічба, таму што далёка не пра ўсе выпадкі затрыманняў праваабаронцам было вядома.
Беларускія суды за гэты час прызначылі не менш за 7 560 штрафаў на агульную суму 5 090 295 рублёў (гэта больш за 1 615 000 долараў ЗША). 13 315 разоў суддзі выносілі пастанову аб арыштах — за палітычную актыўнасць або погляды. Усяго ў ізалятарах такія беларусы правялі 134 356 сутак. Былі выпадкі, калі справы спынялі, але праваабаронцам вядома толькі аб 173-х гэткіх эпізодах.
"Цягам трох гадоў людзей кожны дзень кідаюць за краты ў нечалавечыя ўмовы без сродкаў гігіены і зменнага адзення. Людзі, якіх утрымліваюць у няволі па тры месяцы, бываюць на свежым паветры толькі тады, калі іх вязуць у РУУС складаць новы пратакол", — нагадваюць праваабаронцы пра стаўленне да затрыманых палітычных.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут