15-разовы чэмпіён краіны ўпершыню пакідае Вышэйшую лігу / БАТЭ
28 лістапада 2026 года ў беларускім футболе адбылася гістарычная падзея. Некалі гранд беларускага футбола — барысаўскі БАТЭ — пакінуў Вышэйшую лігу чэмпіянату Беларусі па футболе. Гэта адбылося ўпершыню пасля таго, як у канцы 90-х гадоў 20 стагоддзя каманду адрадзіў Анатоль Капскі і яна трапіла ў эліту беларускага футбола.
Клуб, які ўпершыню прадставіў Беларусь у Лізе чэмпіёнаў, перамагаў еўрапейскіх грандаў, прывозіў на "Барысаў-Арэну" "Барселону", стаў 15-разовым чэмпіёнам краіны, у 2026 годзе бясслаўна завяршыў турнір на 14 месцы і вылецеў у Першую лігу.
Чаму гэта адбылося і якія выклікае эмоцыі? Еўрарадыё папрасіла падзяліцца сваімі меркаваннямі спартыўнага блогера і вядучага канала "ЧаснОК" Яраслава Пісарэнку і вядучага канала "Загляне сонца" Аляксандра Івуліна.
Яраслаў Пісарэнка сумуе з-за вылету БАТЭ ў дывізіён ніжэй і згодны, што словы — "бясслаўна" і "прадказальна" — найлепш апісваюць гэтую сітуацыю.
— Калісьці БАТЭ быў грандам беларускага футбола, камандай, якая дарыла вельмі шмат яркіх эмоцый усёй краіне. А цяпер яна вылятае з Вышэйшай лігі. Прычым вылятае ў такой сітуацыі, якая выглядае проста вельмі дрэнна.
Матч апошняга туру праходзіў не на "Барысаў-Арэне", а на гарадскім стадыёне — незразумела чаму. Да апошняга матчу не ўдалося падрыхтаваць асноўную арэну каманды? Усё гэта выглядае, ведаеце, даволі танна.
Фармальна БАТЭ забіў, але там адбыўся аўтагол. І нават пры такіх абставінах, нават нягледзячы на тое, што БАТЭ перамог, у каманды ўсё роўна не было шансаў, — падводзіць вынік матчу Пісарэнка.
Што ж стала прычынай такога падзення некалі вялікага беларускага клуба? Яраслаў вылучае дзве прычыны.
— На працягу некалькіх гадоў Андрэй Капскі [Сын Анатоля Капскага, які змяніў бацьку ля руля клуба. — Еўрарадыё] вельмі мэтанакіравана рухаўся ў гэтым кірунку, — упэўнены эксперт.
Але пачалося ўсё пасля падзей 2020 года, лічыць Пісарэнка.
— Варта ўспомніць 2020 год і яго наступствы. Некаторыя гульцы БАТЭ апынуліся заблакаваны і не маглі гуляць. Можна ўспомніць таго ж Стаса Драгуна і Ігара Стасевіча — хлопцаў, якія цягнулі каманду, але не мелі магчымасці выходзіць на поле.
Зразумела, што гэтыя рашэнні паўплывалі на сітуацыю. Але ад чорных спісаў пацярпеў не толькі БАТЭ.
Думаю, усё ж на першае месца трэба паставіць рашэнні Андрэя Капскага. Пачынаючы з таго моманту, калі, наколькі я памятаю, здымалі Кірыла Альшэўскага [Галоўны трэнер БАТЭ ў 2020 годзе. — Еўрарадыё], і гэтак далей. Не зусім зразумела, хто на яго ўплываў. Магчыма, быў пэўны знешні ўплыў. Але малодшы Капскі, як мне здаецца, мэтанакіравана прымаў няверныя рашэнні.
У выніку каманда апынулася ў першым дывізіёне. Што будзе далей — вось гэта, вядома, вельмі цікава, — кажа Пісарэнка.
Беларускі футбол жыве ў новых рэаліях, лічыць Яраслаў. І адбыцца можа ўсё, што заўгодна.
— Я не так даўно таксама ўспамінаў цікавую гонку, калі быў салігорскі "Шахцёр" [Каманда знікла пасля скандалу з дагаворнымі матчамі. — Еўрарадыё], брэсцкае "Дынама" і БАТЭ. Тады была сапраўды цікавая барацьба за чэмпіянства. Здаецца, гэта быў сезон 2019 года.
А цяпер паглядзіце: брэсцкая каманда яшчэ жывая, існуе, але ўжо не ставіць перад сабой тых задач, што раней. "Шахцёра" ў ранейшым выглядзе ўжо няма. Думаю, што і БАТЭ ў хуткім часе перастане быць такой камандай, якой мы яго ведалі.
Як клуб з гегемона беларускага футбола скаціўся да клуба Першай лігі, хоць яшчэ ў гэтым годзе нейкім цудам гуляў у еўракубках? Аляксандр лічыць, што прычына ў чарадзе памылак Андрэя Капскага. І філасофску канстатуе: "усё самае класнае, яркае і крутое ў беларускім футболе, яго неверагодны ўзровень засталіся ў мінулым".
— Гэта таксама паказчык таго, што ўсё самае лепшае ў Беларусі — вынік працы чалавека, які сапраўды быў фанатыкам свайго справы, быў адданы ёй, апантаны ёю і хацеў рабіць нешта лепш.
Таму для мяне гэта проста велізарная страта. І яшчэ адна гісторыя пра тое, што эпохі сыходзяць і нельга жыць мінулым, — падсумоўвае Аляксандр Івулін.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут