Еўропа скарыстаецца "дарожнай картай" для дыялогу з Беларуссю? Спыталі ў Шрайбмана

28/11/2026 - 14:44

Здаецца, Польшча ўжо спрабуе / LookByMedia

Марыя Калеснікава у свежым інтэрв'ю для польскага выдання defence24.pl успомніла пра "Дарожную карту для дээскалацыі паміж Беларуссю і ЕС". Гэты дакумент быў распрацаваны ў 2025 годзе, сярод яго аўтараў — Кацярына Дзяйкала, Дзмітрый Крук і Арцём Шрайбман.

Еўрарадыё спытала ў Арцёма, наколькі іх дакумент актуальны, раз да яго сталі звяртацца беларускія палітыкі, і ці гатовыя Еўропа і Беларусь у 2026 годзе хаця б паспрабаваць весці дыялог. З улікам рэкамендацый экспертаў.

Палітычны аналітык Арцём Шрайбман лічыць, што "дыялог Беларусі з Еўрасаюзам за гэты час крыху падняўся на больш высокі ўзровень". Пры гэтым эксперт адзначае, што знешнепалітычны кантэкст "змяніўся не асабліва моцна".

— ЗША працягваюць свае дыпламатычныя намаганні, а Еўрапейскі саюз працягвае назіраць за сітуацыяй і прымаць новыя пакеты санкцый.

Пры гэтым дыялог Беларусі з Еўрасаюзам за гэты час крыху падняўся на больш высокі ўзровень. Гэта значыць, дэлегацыі, якія прыязджаюць у Мінск, сталі літаральна крыху больш высокапастаўленымі. Некаторыя сустрэчы праходзяць непублічна, таму я не буду пра гэта расказваць. Але ў цэлым узровень усё яшчэ невысокі.

Адзінае выключэнне — мабыць, Польшча, якая адкрыта правяла сустрэчу на ўзроўні міністраў замежных спраў. Менавіта Польшча стала першай краінай Еўрасаюза, якая пайшла па той філасофіі, якую мы закладалі ў дарожную карту, — сцвярджае Шрайбман.

Пры гэтым ён разумее, што наўрад ці варта "прыпісваць гэтую ініцыятыву нам: гэта, вядома, іх уласнае рашэнне".

— Але сама філасофія заключаецца ў тым, што некаторыя практычныя праблемы можна вырашаць невялікімі крокамі, не будучы пры гэтым наіўнымі адносна таго, хто такі Лукашэнка, наколькі ён залежыць ад Пуціна і таго, што ён не стане добрым і не ператворыцца ў мяккага дэмакрата.

Таму Польшча пайшла па гэтым шляху. Але адна Польшча не можа прасунуцца вельмі далёка, паколькі асноўныя рычагі ўплыву, як і раней, так і цяпер, знаходзяцца ў руках Еўрасаюза, — упэўнены аналітык.

Шрайбман дадае, што "амерыканскі трэк не можа працягвацца з той жа дынамікай, што год таму, калі ён будзе будавацца выключна на амерыканскіх уступках".

На пытанне, што б ён дадаў у дакумент, Арцём адказвае, што "рэкамендацыі засталіся б ранейшымі".

— Трэба было б толькі абнавіць некаторыя колькасныя паказчыкі: лік палітзняволеных, іх імёны. Усё ж большасць палітычных лідараў выйшла на свабоду, — кажа аналітык.

Да дакумента сталі звяртацца палітыкі. Наколькі "дарожная карта" актуальная? Як за год змяніўся кантэкст у рэгіёне і ў Беларусі?

— Мабыць, варта было б разгледзець прыклад Польшчы як узорны для той логікі, якую мы прапаноўвалі ў дарожнай карце. Але ў асноўным усё астатняе па-ранейшаму актуальна, а амаль усе праблемы, якія існуюць у Беларусі, так і не вырашаны.

З пункту гледжання міграцыйнага крызісу, напрыклад, праблема захоўваецца. Цяпер, вядома, натуральны зімовы перапынак, але проста геаграфія перамясцілася ад Польшчы да Латвіі. Рэпрэсіі працягваюцца, а лік палітзняволеных зменшыўся, але не радыкальна, — лічыць Шрайбман.

Адказваючы на пытанне, ці звярталіся розныя палітыкі дэмакратычнага руху з прапановамі і пытаннямі і прасілі нешта растлумачыць, Арцём аслаўся на канфідэнцыяльнасць. "Я не хацеў бы агалошваць змест прыватных размоў", — сказаў аналітык.

Пры гэтым Шрайбман не лічыць, што "у беларускіх дэмакратычных сіл ёсць асаблівая вага ў пытаннях змены еўрапейскай палітыкі".

— Еўрапейскія суразмоўцы, з якімі мы абмяркоўвалі гэтую тэму [Дакумент. — Еўрарадыё], ставіліся да нашых прапаноў па-рознаму. Натуральна, гучалі і больш крытычныя галасы, перш за ўсё з краін Балтыі. Былі і тыя, хто ў іншых краінах у большай ступені пагаджаўся з такім падыходам.

У самім Еўрасаюзе было шмат зацікаўленасці і праходзілі вельмі падрабязныя абмеркаванні. Але мне таксама цалкам рэалістычна казалі, што некаторыя нашы парады і прапановы не ўпісваюцца ў цяперашнія інстытуцыйныя і бюракратычныя рамкі Еўрасаюза. Іншымі словамі, Еўрасаюз не здольны — або не хоча быць здольным — рэалізаваць некаторыя з нашых рэкамендацый.

Некаторыя нашы рэкамендацыі патрабуюць палітычнай волі, каб змяніць звычайныя алгарытмы работы з такімі краінамі, як Беларусь.

Напрыклад, паэтапны падыход, нейкі механізм прыпынення санкцый у выпадку, калі Мінск падманвае. Усё гэта не адносіцца да таго, што звычайна практыкуецца. Такія механізмы прыйшлося б уводзіць у еўрапейскую палітыку ў дачыненні да Беларусі.

І гэта яшчэ не кажучы пра прызначэнне спецыяльнага прадстаўніка па Беларусі, што мы таксама прапаноўвалі. Гэта таксама даволі рэдкая з'ява ў еўрапейскай дыпламатыі, — кажа Шрайбман.

Эксперт скептычна ставіцца да патэнцыялу лідараў дэмакратычнага руху Беларусі неяк паўплываць на еўрапейскіх палітыкаў, нават калі яны выступяць адзіным фронтам.

— Я не бачу патэнцыялу ў тым, каб дэмакратычныя сілы, нават аб'яднаўшыся вакол гэтых ідэй, змаглі паспяхова чагосьці дасягнуць.

Калі шчыра, Еўрасаюз вызначае сваю палітыку не на падставе таго, што яму кажуць Павел Латушка, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава або хтосьці яшчэ.

А ўжо задным лікам, калі трэба будзе неяк растлумачыць змену палітыкі, еўрапейскія прадстаўнікі могуць спаслацца на тое, што Марыя Калеснікава даўно ім пра гэта казала.

Але першапрычынай такога рашэння будзе не пазіцыя апазіцыйнага крыла, а ўласныя рашэнні Еўрасаюза, — упэўнены Арцём Шрайбман.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі