З парковачных месцаў на вуліцы Маркса ў Мінску эвакуююць аўтамабілі

15/01/2016 - 12:43

Нават калі вы сёння правільна прыпаркавалі сваё аўто, не факт, што знойдзеце на тым жа месцы. Прынамсі, пасля расчысткі вуліц ад снегу.

У пятніцу 15 студзеня мінская вуліца Карла Маркса была перакрытая, прыбіралі снег. Машыны, якія заміналі, забіраў эвакуатар. Як паведамілі Еўрарадыё супрацоўнікі ДАІ, машыны з парковачных месцаў дастаўляюць на вуліцу Леніна і пакідаюць каля КЗ “Мінск”.

Даішнікі называюць гэта перамяшчэннем — бясплатнай паслугай, якой могуць пазбегнуць толькі тыя, хто прыбраў снег вакол сваёй машыны. Аўтаўладальнікі могуць звярнуцца ў дзяжурную частку Ленінскага РАУС альбо па нумары 102, каб адшукаць зніклы з Карла Маркса аўтамабіль.

У ДАІ Ленінскага раёна Еўрарадыё патлумачылі, чаму не звязваюцца з гаспадарамі машын па тэлефоне, каб тыя самі вывезлі іх з вуліцы:

“Калі ставіцца машына на ўлік, у выключна рэдкіх выпадках кіроўцы ўказваюць свой мабільны тэлефон. Дзяжурнаму раённага упраўлення міліцыі звязвацца даводзіцца па гарадскім тэлефоне, і ў большай ступені гэта хатні тэлефон. Не заўсёды вызначаецца ўладальнік транспартнага сродку, і не заўсёды ўладальнік з’яўляецца нават жыхаром горада Мінска”.

Пры гэтым эвакуяваных за няправільную паркоўку машын пасля "Даніэлы" больш, чым у звычайныя дні, не стала. Шмат машын за апошнія дні было менавіта перасунута.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі