Ярмошына: Назіральнікі могуць фатаграфаваць скрыні, але не сяброў камісій

11/09/2016 - 15:30

Назіральнікі могуць фатаграфаваць скрыні для бюлетэняў, але не сяброў выбарчай камісій. Толькі “неадушаўлёныя прадметы” могуць трапляць на фота, зробленае на выбарчым участку, кажа старшыня Цэнтрвыбаркаму Лідзія Ярмошына.

Папярэджанне за фотаздымак, у які патрапілі сябры ўчастковай выбарчай камісіі, атрымаў назіральнік Рыгор Астапеня. Пра гэта ён напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: “Вось i я атрымаў папярэджанне, бо аказваецца фоткаць можна толькі так, каб на фоткі не траплялі чальцы камісіі, пагражаюць судом”.

Ці сапраўды назіральнікі не маюць права фіксаваць тое, што адбываецца на ўчастку для галасавання пра дапамозе фота і відэа, цікаўлюся ў старшыні Цэнтрвыбаркама Лідзіі Ярмошынай.

Ярмошына: “Што тычыцца назіральнікаў, то яны маюць права фатаграфаваць, і гэта наўпрост указана ў законе, скажам так, неадушаўлёныя рэчы. Да прыкладу, пратаколы, якія яны вывешваюць. Ці скрыню для галасавання. Але фатаграфаваць людзей яны могуць толькі з іх згоды. Як і любы іншы грамадзянін”.

Што праўда, фатаграфаваць усё і ўсіх без дазволу могуць, па словах старшыні ЦВК, журналісты.

Нагадаем, 11 верасня ў Беларусі праходзяць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі