Ярмошына хоча зрабіць удзел у прэзідэнцкіх выбарах платным для кандыдатаў

23/07/2020 - 14:04

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына хоча, каб у будучыні кандыдаты ў прэзідэнты стваралі фінансавыя фонды для ўдзелу ў выбарах. Пра гэта яна заявіла на сустрэчы з актывам БРСМ Мінска 23 ліпеня, перадае агенцтва "Мінск-Навіны". 

У Ярмошынай запыталіся пра магчымыя змены выбарчага заканадаўства. У адказ яна заявіла, быццам у краіне дайшлі да таго, што ўдзельнічаць у выбарах могуць беспрацоўныя, людзі без адукацыі, тыя, хто вядзе незразумелы лад жыцця.

Яна нагадала, што заявы ў ЦВК падалі 55 ініцыятыўных груп. Па словах Ярмошынай, ім патрэбна была толькі пляцоўка для мітынгу. 

"Мы выпусцілі 15 правераных ініцыятыўных груп. З іх падалі дакументы аб зборы подпісаў сем чалавек. Атрымліваецца, восем выкарыстоўвалі гэта для самарэкламы. Так адбываецца чаму? Таму што выбары ў нас бясплатныя", — заявіла чыноўніца. 

Яна спаслалася на досвед суседзяў — Украіны і Расіі: "Напрыклад, ва Украіне, каб удзельнічаць у выбарах, трэба ўносіць выбарчы заклад — здаць у грыўнях суму, эквівалентную 93 тысячам долараў. Калі не праходзіш у другі тур, грошы залічваюцца ў бюджэт"

Праўда, Беларусь, па словах Ярмошынай, "краіна небагатых людзей". Каб не рабіць выбары толькі для алігархаў, яна прапаноўвае: "Кандыдат павінен не ўносіць заклад, а стварыць мінімальны фінансавы фонд і пакласці туды грошы. Гэта пацвярджае сур'ёзнасць яго намераў удзельнічаць у выбарчай кампаніі. Гэтыя сродкі ён зможа выкарыстаць для аплаты дзейнасці ініцыятыўнай групы, друку рэкламнай прадукцыі. У любым выпадку гэта дазволіць правесці адбор і не дапусціць да выбараў дэкласаваных элементаў".

Яшчэ адна змена, якую прапаноўвае Ярмошына, — зменшыць колькасць подпісаў для вылучэння на прэзідэнцкіх выбараў. Яна прапануе зрабіць норму ў 1% ад агульнай колькасці выбарцаў. Такім чынам, ад цяперашняга патрабавання ў 100 тысяч подпісаў норма знізіцца да 70 тысяч. 

Таксама старшыня ЦВК не супраць і праймерыз, як у ЗША. І дадае: "Гэта як дадатковае, але грошы абавязкова павінны ўносіцца".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі