Якое грамадзянства атрымаць цяжэй: беларускае, польскае ці латышскае?

04/09/2015 - 09:19

Каля 100 тысяч грамадзян Украіны жывуць цяпер на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта яшчэ ў чэрвені заявіў прадстаўнік Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах Бежанцаў Жан Іў Бушардзі.

Мусіць, ніколі незалежная Беларусь не ведала такой вялікай колькасці прыезджых. Еўрарадыё высвятляе, ці проста атрымаць беларускае грамадзянства ў параўнанні з нашымі суседзямі Латвіяй і Польшчай.

Галоўная падстава для атрымання беларускага грамадзянства — сваяцкія і этнічныя сувязі з нашай краінай. У выпадку, калі такіх сувязяў няма, гадавую рэгістрацыю замежны грамадзянін можа атрымаць толькі маючы пастаяннае месца працы ці навучання. Так трэба пратрымацца 7 гадоў, адмовіцца ад папярэдняга грамадзянства — і вось ты ўжо маеш сіні пашпарт.

Прадстаўніца аднаго з аддзелаў па грамадзянстве і міграцыі Мінска кажа, што цягам гэтых сямі гадоў замежны грамадзянін можа паскорыць працэс натуралізацыі:

“Напрыклад, за гэты час замежнік можа ўзяць шлюб з грамадзянкай Беларусі ці нарадзіць дзяцей, тады гэта стане падставай для атрымання віда на жыхарства”, — кажа спецыяліст.

Ніякіх іспытаў па гісторыі ці мове для гэтага здаваць не трэба.

Калі дзяцей замежных грамадзян аддаюць у нашы школы, беларускую мову ім усё ж вывучаць давядзецца. Больш за тое, каб атрымаць наш атэстат аб базавай адукацыі неабходна будзе напісаць дыктоўку на беларускай мове.

“Цалкам адмовіцца ад беларускай мовы нельга. У нас толькі калі дзеці ваеннаслужбоўцаў, і то яны ўсе пражываюць цяпер на тэрыторыі Беларусі, таму ўсе дзеці вывучаюць мову. Тыя, хто прыязджае адразу ў 9 клас, вось тыя могуць не вывучаць, але беларускую літаратуру яны слухаюць”, — кажа прадстаўніца ўпраўлення адукацыі аднаго з раёнаў Мінска.

Для таго, каб атрымаць польскае грамадзянства, замежнік мусіць мець польскія карані. У іншым выпадку для атрымання грамадзянства трэба будзе выканаць шэраг умоваў, сярод якіх легальнае пражыванне на тэрыторыі краіны больш за 10 гадоў, месца працы, пасведчанне аб школьнай адукацыі (можна за мяжой) і дзяржаўны іспыт па польскай мове.

Каб атрымаць грамадзянства Латвіі без этнічных сувязяў, трэба прайсці няпросты працэс натуралізацыі. Прадстаўніца аднаго з аддзелаў Рыжскага ўпраўлення па справах грамадзянства і міграцыі кажа, што неабходна пражыць на тэрыторыі краіны больш за 5 гадоў, мець стабільную крыніцу даходаў.

“Таксама неабходна прайсці праверку на веданне латышскай мовы, тэкста гімна, гісторыі Латвіі і Канстытуцыі краіны. Пасля ўсіх праверак таксама неабходна будзе даць клятву вернасці Латвійскай Рэспубліцы”, — кажа супрацоўніца Ўпраўлення.

Такім чынам, сярод названых краін толькі ў Беларусі падчас атрымання грамадзянства не абавязкова здаваць экзамен па дзяржаўнай мове.

Фота: europeis.com, thumbs.dreamstime.com

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі