Амерыканскі самалёт B2, здольны дастаўляць ядзерную зброю, 2010 год / U.S Air Force by Master Sgt. Kevin J. Gruenwald
Літва рыхтуецца зняць канстытуцыйную забарону на размяшчэнне зброі масавага знішчэння. Гэты крок ужо стаў палітычным сігналам на фоне супрацьстаяння Расіі і НАТА. Але паміж адменай забароны і з’яўленнем ядзернай зброі на тэрыторыі Літвы — вялікая дыстанцыя. Што насамрэч змяняе ініцыятыва Вільнюса і наколькі верагодны такі сцэнарый? Разам з экспертамі разбіралася “Новая газета. Балтыя”.
Сейм ужо зрабіў першы з двух крокаў да адмены канстытуцыйнага абмежавання: у пачатку кастрычніка за зняцце забароны на размяшчэнне зброі масавага знішчэння на тэрыторыі Літвы прагаласавалі 106 дэпутатаў, супраць — 18, яшчэ шасцёра ўстрымаліся. Каб унесці папраўку, парламент павінен прагаласаваць за гэта яшчэ раз не раней чым праз тры месяцы.
— Адмена заканадаўчай забароны яшчэ не азначае, што ў агляднай будучыні ядзерная зброя будзе размешчана на тэрыторыі Літвы, — адзначае спецыяліст у галіне атамнай энергетыкі і ядзерных тэхналогій Дзмітрый Гарчакоў, які жыве ў Вільнюсе з 2022 года. — Акрамя таго, што гэта патрабуе асобнай тэхнічнай падрыхтоўкі (стварэння месцаў захоўвання, пераабсталявання авіябазы, сістэм сувязі, размяшчэння замежных самалётаў, здольных несці такую зброю, падрыхтаванага персаналу, а галоўнае — абароны ўсяго гэтага), патрэбны палітычныя рашэнні іншых дзяржаў — найперш ЗША, чыя зброя звычайна і размяшчаецца ў іншых краінах у межах НАТА.
Такіх прыкладаў, паводле слоў эксперта, няшмат: цяпер усяго ў пяці членаў альянсу ёсць амерыканская ядзерная зброя — гэта Бельгія, Нідэрланды, Германія, Турцыя і Італія.
— І тое, што, напрыклад, Латвія, Польшча і іншыя краіны, якія мяжуюць з Расіяй і Беларуссю, не маюць забароны, аналагічнай літоўскай, як мы бачым, не наблізіла іх да рэальнага размяшчэння ядзернай зброі, — падкрэслівае суразмоўца “Новай газеты. Балтыі”. — І мы таксама бачым, што тыя краіны, дзе размешчана амерыканская ядзерная зброя, знаходзяцца значна далей ад Расіі, чым Літва. Думаю, гэта невыпадкова.
На яго думку, гаворка хутчэй ідзе пра палітычны жэст Вільнюса, які дэманструе гатоўнасць патэнцыйна ўдзельнічаць у ядзерным стрымліванні з боку НАТА ў дадатак да ўдзелу ў іншых праграмах альянсу.
Дзмітрый Гарчакоў не бачыць практычнай мэтазгоднасці размяшчаць ядзерную зброю ў непасрэднай блізкасці ад Расіі: у выпадку нападу РФ на краіны Балтыі яе могуць не паспець прымяніць, у прыватнасці, праз працяглае ўзгадненне з ЗША ў выпадку якой-небудзь нявызначанасці, а галоўнае — прымяніць так, каб не нанесці шкоды Літве.
— У такой блізкасці гэтая база захоўвання будзе ўразлівая для атак з выкарыстаннем звычайных узбраенняў, крылатых і балістычных ракет. Калі НАТА і ЗША будуць гатовы ўжываць ядзерную зброю для абароны краін Балтыі, зусім неабавязкова мець яе менавіта на іх тэрыторыі, — працягвае эксперт. — Тое самае, зрэшты, справядліва і ў дачыненні да Беларусі і Расіі. А для стратэгічных задач НАТА па ядзерным стрымліванні РФ наяўнасці стратэгічнай зброі і тактычнай ядзернай зброі ў іншых краінах НАТА ў Еўропе больш чым дастаткова.
Нельга сказаць, што пытанне размяшчэння зброі масавага знішчэння ўзнікла раптоўна. У мінулыя гады пра гэта гаварылі высокапастаўленыя службовыя асобы, у тым ліку прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа. Актуалізавала гэтую тэму ў маі гэтага года лідарка Ліберальнага руху Вікторыя Чмыліце-Нільсен, якая дапусціла, што канстытуцыйную забарону можна адмяніць без нацыянальнага рэферэндуму — галасаваннем у парламенце.
— Абмежаванне ў свой час было прапісана, каб выключыць размяшчэнне ў Літве расійскіх войскаў і ўзбраення, — звяртаецца да гісторыі пытання былы старшыня Канстытуцыйнага суда, а цяпер дэпутат Еўрапарламента Дайнюс Жалімас. — Пазней трактоўка артыкула змянялася, у прыватнасці, пасля ўступлення краіны ў НАТА, калі ўзнікла пытанне аб ваенных базах саюзнікаў. Было вырашана, што Канстытуцыя не можа абмяжоўваць даступныя эфектыўныя сродкі абароны краіны.
Як лічыць юрыст, адпаведны артыкул можна і цяпер трактаваць больш вольна, чым прынята: “Што да зброі масавага знішчэння, то кансалідаваных ацэнак Канстытуцыйнага суда не было, бо гэтае пытанне не стаяла востра на парадку дня. Цяпер гэтая фармулёўка выглядае састарэлай і непатрэбнай, і здаецца, што прасцей проста выкрасліць яе, чым прыдумляць новае тлумачэнне. Інакш знойдуцца тыя, хто нават пры выразным рашэнні суда будзе трактаваць яе па-свойму”.
Ён адзначае, што гаворка ідзе пра магчымае размяшчэнне ядзернай зброі саюзнікаў (найперш ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі) са згоды ўрада Літвы, паколькі яе выраб абмежаваны Дагаворам аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, які падпісаў Вільнюс.
Дайнюс Жалімас лічыць, што гэта хутчэй тэарэтычная, а не практычная магчымасць. Цяперашнюю ініцыятыву варта разглядаць як пашырэнне мер стрымлівання.
— Гэта зняцце існуючых абмежаванняў на нацыянальным узроўні, — дапаўняе былы старшыня Канстытуцыйнага суда. — Я б не разглядаў гэта як тэктанічны зрух. Літва больш за дваццаць гадоў уваходзіць у НАТА, і забарона на меры, неабходныя для абароны, выглядае ненатуральна.
Паводле падлікаў дэпутата Еўрапарламента, асноўны закон краіны змяняўся 14 разоў. Найбольшыя карэктывы ўносіліся пасля ўступлення Літвы ў ЕС (увядзенне еўра, права ўласнасці на зямлю, забарона займаць пэўныя пасады пасля імпічменту і інш.), а ў астатнім яны мелі касметычны характар.
Міністр абароны Робертас Каўнас, які нядаўна знаходзіўся з афіцыйным візітам у ЗША, сцвярджае, што пра размяшчэнне ў Літве ядзернай зброі можна гаварыць толькі на выпадак крызісу або вайны.
— Як і любая краіна, мы абавязаны абараняць сваю незалежнасць і бяспеку, — заявіў ён у Сейме. — Падчас крызісу ці нават вайны мы, верагодна, павінны выкарыстоўваць усе магчымыя варыянты, якія можа даць нам ядзерны арсенал НАТА, ЗША або Францыі.
Міністр таксама звярнуў увагу на тое, што пра размяшчэнне зброі масавага знішчэння ў мірны час ніхто не гаворыць.
Менавіта ў кантэксце планаў НАТА прапануе разглядаць гэтае пытанне ваенны эксперт Вайдотас Маліненіс:
“Гэта будзе азначаць, што існуючае абмежаванне не стане перашкаджаць намерам альянсу, звязаным з цяперашнімі пагрозамі. Калі Расія працягне эскалацыю, то адказ НАТА таксама з’явіцца, а перашкоды на заканадаўчым узроўні з боку Літвы будуць ліквідаваны”.
Адзначым, што на вербальным узроўні адказ ужо прагучаў: вярхоўны галоўнакамандуючы Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі НАТА ў Еўропе Алексус Грынкевіч прадставіў канцэпцыю “Тэорыя перамогі”, паводле якой абарона тэрыторыі альянсу ў выпадку магчымай агрэсіі можа пачацца яшчэ да таго, як праціўнік адкрые агонь. Асноўная роля на першым этапе адводзіцца сухапутным войскам, якія павінны будуць спыніць наступленне, скаваць і знішчыць атакавальныя злучэнні. Адначасова авіяцыя і ваенна-марскія сілы пры падтрымцы касмічных і кіберсродкаў павінны забяспечыць перавагу ў паветры і на моры. Згадваецца, што ракеты вялікай далёкасці будуць паражаць расійскія камандныя пункты і сродкі СПА ў Калінінградскай вобласці, каля Санкт-Пецярбурга і ў Беларусі.
Сапраўдная ядзерная эскалацыя занадта небяспечная нават для Расіі, бо ў такім выпадку прадказаць развіццё падзей будзе немагчыма,
— працягвае Вайдотас Маліненіс. — Менавіта гэтая мера стрымлівання, пра якую ідзе гаворка, і дасць плён для ўсталявання міру ў рэгіёне.
Ён дадае, што расійская ўлада не можа адмовіцца ад вядзення вайны ва Украіне па некалькіх прычынах, у тым ліку для адцягвання ўвагі ад нарастання ўнутраных праблем, рэпрэсій і пагаршэння эканамічнай сітуацыі.
— Апошнія гады Расія рэгулярна выкарыстоўвае ядзерную зброю для шантажу і пастаянных пагроз, — нагадвае ваенны эксперт. — Але прымяненне — зусім іншая справа. Ва ўмовах рэзкай эскалацыі сітуацыя можа развівацца вельмі дынамічна, і ніхто не можа прадказаць наступствы.
Паводле яго слоў, у НАТА дастаткова сродкаў і прасторы для дзеянняў, а адменай забароны на размяшчэнне зброі масавага знішчэння Літва толькі набліжаецца да саюзнікаў па альянсе.
— У Крамлі часта падзяляюць краіны Балтыі і НАТА, намякаючы на магчымую няўзгодненасць дзеянняў у выпадку нападу, але гэта прапагандысцкі прыём: Літву, Латвію і Эстонію варта разглядаць як частку блока, — адзначае Вайдотас Маліненіс. — Размяшчэнне нямецкай брыгады, амерыканскага кантынгенту і іншых сіл — гэта доказ таго, што альянс рыхтуецца да магчымай абароны ўсходняга фланга. Гэта адзіная палітычная і ваенная сіла з усімі яе недахопамі і працэдурамі.
Эксперт таксама падзяляе меркаванне іншых спікераў: адмена канстытуцыйнай забароны не азначае непазбежнага размяшчэння ядзернай зброі ў Літве. Хутчэй, гэта дэкларацыя намераў і рашучасці выкарыстоўваць гэты аргумент для гарантыі міру.
Пры падтрымцы “Медыясеткі”
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут