Дом сям'і Віктара Бабарыкі выставілі на аўкцыён

26/11/2026 - 16:44

Дом Бабарыкі ў Мачанах / e-auction.by

На аўкцыён на пляцоўцы "БелЮрЗабяспечанне" выставілі дом Віктара Бабарыкі ў вёсцы Мачаны Лагойскага раёна.

У абвестцы пазначана: "Лот уяўляе сабой аб’ект нерухомасці ў складзе капітальнай пабудовы і зямельнага ўчастка. Належыць даўжніку на праве ўласнасці".

Агульная плошча двухпавярховага жылога дома — 88,5 кв. м, жылая — 68,5 кв. м. Будынак мае прыбудову. Плошча зямельнага ўчастка — 25 сотак.

Пачатковая цана лота — 260 тысяч рублёў. Таргі прызначаныя на 24 снежня гэтага года.

У ліпені 2024 года праз аўкцыён прадалі іншы зямельны ўчастак з лазняй у вёсцы Мачаны, якія належалі Віктару Бабарыку. Таксама праз аўкцыёны былі прададзеныя ягоны аўтамабіль і гадзіннік.

Згаданы дом не чапалі да 2026 года: ён лічыўся адзіным жыллём Віктара Бабарыкі, таму яго нельга было спагнаць у кошт налічаных "даўгоў". Але пасля прымусовай дэпартацыі Бабарыкі рэжым, відаць, вырашыў чарговы раз ігнараваць свае ж законы. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі