Жэня Давідзенка (у цэнтры) — лаўрэатка прэміі Гданьска / facebook.com/gdansk.shakespeare.theatre
Прэмію горада Гданьска для маладых творцаў у галіне культуры атрымала беларуска Жэня Давідзенка. Яе ўзнагародзілі "за ажыўленне дыялогу паміж людзьмі і мастацтвамі ў імя лепшага свету". Пра гэта ў сваіх сацсетках паведаміў Гданьскі Шэкспіраўскі тэатр.
Пра творчасць маладой рэжысёркі ў тэатры кажуць так: "Яна пакінула дом у Мінску і вось ужо чатыры гады распавядае пра тугу па ім на гданьскіх сцэнах".
У Гданьскім Шэкспіраўскім тэатры яна паставіла тры спектаклі. У пастаноўцы "10 гадзін па прамой лініі дадому" тры беларускія жанчыны сустракаюцца на пляжы Гданьска і спрабуюць пачаць усё спачатку. Спектакль "Расстраляныя" расказвае пра кастрычнік 1937 года, калі за адну ноч у Мінску былі забітыя 132 прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. А "У старым доме хтосьці яшчэ чакае" ўзыходзіць да апавяданняў польскамоўнага беларускага пісьменніка XIX стагоддзя Яна Баршчэўскага.
У 2020-м Давідзенка скончыла Беларускую Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці "рэжысёр тэатра". Бліжэйшы паказ яе спектакля ў Гданьску адбудзецца ў лютым: можна будзе пабачыць пастаноўку "У старым доме нехта яшчэ чакае".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут