Я выйшла не супраць улады, а супраць гвалту. Апошняе слова студэнтаў у судзе

12/07/2021 - 17:24
У зале суда / Павел Марцінчык, kp.by

Абвінавачаныя па "Справе студэнтаў" сёння звярнуліся да суду з апошнім словам. Зварот студэнтаў цытуе тэлеграм-канал "Задзіночанне беларускіх студэнтаў". Мы сабралі іх словы ў адным тэксце.

Ілля Трахтэнберг захоўвае здольнасць жартаваць. І запэўнівае суд: ён не івэнт-агенцтва, каб нешта арганізоўваць. У тым ліку пратэст.

"Высокі суд, у мяне ёсць свае перакананні, пра вернасць якіх я разважаць не буду. Я застануся вольным чалавекам, таму што я здольны самастойна думаць і прымаць рашэнні", — кажа былы студэнт матэматычнага факультэта БДУ.

Выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава звярнулася з апошнім словам на беларускай мове. І зачытала віншаванне дачцэ з Днём нараджэння.

Глеб Фіцнер з МДЛУ сказаў, што прызнае віну, і папрасіў суд аб мяккім рашэнні.

Экс-студэнтка БНТУ Наста Булыбенка зачытала прэамбулу з Дэкларацыі правоў чалавека і звярнулася да мамы. Яна сказала, што ўсё зрабіла правільна, што ёй не сорамна. А вось што яна сказала суду і ўсім прысутным у зале:

"Я ведаю, што ўсё зрабіла правільна. Мне балюча, але ўжо не страшна. Я выйшла не супраць улады, а супраць гвалту. Мы — будучыня, пакаленне талерантнасці і свабоды. Мы — гэта будучыня".

Таццяна Якельчык з БДУ просіць вынесці для ўсіх апраўдальны прысуд. І таксама нагадвае суду: за студэнтамі — будучыня.

Кася Будзько гаворыць, што любіць Беларусь, нягледзячы на 8 месяцаў, якія правяла ў зняволенні. Да суду яна не звяртаецца. Толькі да сяброў, сям'і і "змоўшчыкаў".

Марыя Каленік з БДАІ таксама да суду не звяртаецца. Дзякуе ўсім, хто ёй пісаў, дзякуе валанцёрам. І блізкім — за тое, што выхавалі яе такой.

Ягор Канецкі адмовіўся ад апошняга слова.

Актывістка, удзельніца "Задзіночання беларускіх студэнтаў" Яна Арабейка павіншавала ўсіх з васьмю месяцамі зняволення. Паспрабавала ўсміхацца:

"Кожнаму, каго я сустрэла, я ўдзячная, і гэтыя 8 месяцаў не змаглі мяне пераканаць. І таму апошнім маім словам будзе "свабода".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут

Апошнія навіны

Выбар рэдакцыі